Кожны год 12 мая прадстаўнікі Іўеўскай раённай улады, лідары грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў спяшаюцца сюды, каб пакланіцца памяці сваіх землякоў, каб яшчэ раз сказаць усяму свету, што памяць – гэта тая магутная сіла, дзякуючы якой мы сёння жывём у міры і згодзе, дзякуючы якой мы перадольваем усе цяжкасці і нягоды на сваім шляху і рухаемся наперад.
Сёлета ушанаванне памяці бязвінных ахвяраў фашызму, якія ўвайшлі ў спіс 6 мільёнаў ахваряў Халакоста, пачалося з адкрыцця інфармацыйнай дошкі Памяці іўеўскіх яўрэяў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Права яе адкрыць было прадастаўлена старшыні Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Аляксандравічу Хвасько і намесніку старшыні Іўеўскага райвыканкама Лідзіі Вайцехаўне Носуль. Затым удзельнікі мітынгу “Жыві і помні” прайшлі дарогай, па якой ступалі ногі нашых землякоў да месца развітання з жыццём…
-12 мая 1942 года роўна 78 гадоў назад тут, ва ўрочышчы Стоневічы, у цёплы вясновы дзень былі расстраляны 2524 жанчын, старых і дзяцей, – сказаў выступаючы перад удзельнікамі мітынгу А. Хвасько. – Сама думка аб магчымасці такога масштабнага знішэння людзей не ўкладваецца ў свядомасці, глыбока ўзрушвае і раніць душу. Выступаючы падкрэсліў, што мы ўсе разам павінны зрабіць усё, каб не з’яўляліся на зямлі такія брацкія магілы. Няхай ўсе людзі, незалежна ад іх нацыянальнасці, будуць шчаслівымі і спакойнымі на сваёй зямлі, няхай у сем’ях будзе цёпла і ўтульна, а жыццё ідзе сваім звычайным шэрагам.
Вядучая мітынгу Вольга Аўдзевіч зачытала тэлеграму ад нашай зямлячкі, кіраўніка міжнароднага праекта “Карані” Тамары Майсееўны Барадач. Там гаворыцца: “Сёння, 12 мая, дзень вялікай бяды нашага маленькага Іўя. Я запальваю свечку памяці ў сябе дома ў сярэдняземнаморскай Нетаніі, як многія нашчадкі іўеўскіх яўрэяў, якія жывць у розных кутках зямнога шара. Яшчэ адзін май! Без старых і дзяцей, без родных і блізкіх, праросшых высокімі дрэвамі ў стоневіцкім лесе! Вельмі балюча! Гэты год цяжкі яшчэ і агульначалавечай бядой-пандэміяй. Я ўдзячна вам, дарагія землякі, за захванне памяці, за дастойнае ўтрыманне ў належным парадку святога месца гібелі яўрэяў. Няма магчымасці быць сёння побач з вамі, але ў думках мы разам! Пакланіцеся за нас бязвінным ахвярам вайны! Няхай ніколі больш і ні дзе гэта не паўтарыцца!”.
Удзельнікі мітынгу на хвіліну застылі ў жалі перад памяццю нявінна растраляных ахвяр фашысцкага генацыду і ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу.
Ірына Бутурля
«ІК»