Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы ладзілася ў форме вечара паэтычнага чытання пад назвай “Паэтычныя лекі ад бібліятэкі”.
Падчас мерапрыемства гучалі цудоўныя лірычныя радкі майстроў мастацкага слова Іўеўшчыны: Мырыі Бакуновіч, Алега Ігліцкага, Яўгена Карпуця, Івана Карэнды, Антона Піліпчыка, Кастуся Сіневіча, Алены Смалянічэнка, Леаніда Трафімчыка, Яніны Халявы і іншых паэтаў-землякоў. Асноўная тэма іх твораў – гэта любоў да сваёй радзімы, да кутка, дзе яны нарадзіліся і выраслі.
Вершы гучалі з вуснаў як бібліятэкараў, так і ўдзельнікаў мерапрыемства. Прысутныя падкрэслілі, што калі чытаеш паэтычныя радкі нашых паэтаў-землякоў, то адпачываеш душой. Іх вершы напоўнены шчырасцю, цеплынёй, душэўнасцю, глыбокімі ўнутранымі перажываннямі.
Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава пад назвай “Сузор’е талентаў Іўеўшчыны”, на якой былі прадстаўлены зборнікі вершаў паэтаў-землякоў.