Ансамблю “Даўніна” была прысвечана юбілейная вечарына “Песні маёй душы”, якая прайшла ў філіяле аг. Геранёны.
Гісторыя калектыва пачынаецца з 1994 года, калі ў Геранёнскі цэнтральны Дом культуры на пасаду хормайстра, прыйшла працаваць Ірына Яўгенаўна Лысоўская, якая арганізавала першапачаткова жаночы фальклорны ансамбль. З першых дзён свайго існавання калектыў дарыў гледачам яркія ўражанні і пазітыўныя эмоцыі, зараджаў энергіяй і аптымізмам. Беларуская народная песня стала асновай рэпертуару, і па прапанове кіраўніка калектыў стаў называцца «Даўніна».
2006 год стаў знакавым для ансамбля народнай песні: ён атрымаў ганаровае найменне «народны аматарскі калектыў». Народны калектыў актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах установы культуры аграгардка Геранёны і Іўеўскага раёна. З выязнымі канцэртамі выступае на сцэнічных пляцоўках у аддаленых вёсках свайго раёна і іншых населеных пукнтаў Гродзенскай вобласці.
На свяце гучалі шчырыя словы павагі і ўдзячнасці былым акампаніятарам народнага ансамбля: Яўгену Мікітавічу Пятрову, Валерыю Васільевічу Алейніку, Івану Іванавічу Дубянцу, Валянціне Іванаўне Дайлідка, Дзмітрыю Анатольевічу Дадычын, мастацкаму караўніку, аўтару і аранжыроўшчыку песень Алене Георгіеўне Скабельцынай і былым ўдзельнікам ансамбля: Вользе Грынюк, Тамары Вайцюкевіч, С. Ціхановіч, Т. Макоўскай.
Юбілей – гэта заўсёды свята, а на свяце заўсёды госці. Прышлі павіншаваць калектыў загадчык сектара культуры райвыканкама Святлана Кішкель і дырэктар Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Сяргей Марцінкевіч разам з ўдзельнікамі народнага хора Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, старшыня Геранёнскага сельвыканкама Віктар Вершаловіч.
Творчы падарунак падрыхтавалі навучэнцы Геранёнскай дзіцячай школы мастацтваў.
А сам віноўнік урачыстасці падрыхтаваў цэлую святочную праграму. І зноў над краем, як і 30 год таму, загучалі прыгожыя, меладычныя беларускія песні, якія, негледзячы на сучасныя творы, ніколі не страцяць сваёй актуальнасці.Бо яны нашы, родныя, любыя.
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).
ivyenews.by