Главная / Русская версия / Социальная сфера / Труд и социальная защита / Социальная защита Новости законодательства, актуальная информация
01.08.2022

У апошнія выходныя дзянькі ліпеня адпачылі з легендамі і паданнямі ў Геранёнах

Адрас адпачынку мары ў апошнія выходныя дзянькі ліпеня – Геранёны. У чалавека ёсць прылада для палёту. Гэта ягоная душа. Няхай праляціць яна над Геранёнамі 8 стагоддзя. Так, мы не памыліліся, таму што менавіта ў 8 стагоддзі ўпершыню упамінаюцца Геранёны ў пісьмовых крыніцах. Няхай прыадчыніць заслону таямніцы самых яскравых падзей 13-18 стагоддзяў, а потым стане сведкай пабудовы Геранёнскага замка 15-16 ст. ваяводам, віленскім канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам. Геранёнскі замак з ваеннага пункту гледжання быў у пачатку XVI ст. магутным збудаваннем і лічыўся адным з найпрыгажэйшых у Вялікім княстве Літоўскім.

Усё, што мы губляем, вяртаецца іншым шляхам. Вось і разбураны Геранёнскі замак вярнуўся легендамі і паданнямі. Ён жывы!(рэшткі Геранёнскага замка ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). 

І мы жывыя, бо жывем, таму што любім, любім свае родныя мясціны, малую радзіму.

“Геранёны – мая зямля , маё паданне” – гэта прыгожая назва свята, якое склікала суботнім вечарам жыхарой Іўеўшчыны ў знакаміты аграгарадок.

Усе прысутныя апынуліся ў нейкім асаблівым міры, у творчай лабараторыі, дзе культработікі змаглі спалучыць мастацтва і рэальнасць, выдумку і гісторыю, любоў да радзімы і мару.

“Не сталейце - гэта пастка”,- сказалі яны. - Паверце у паданне, як у дзяцінстве - ў казку. 

Паслухайце старадаўнюю легенду аб паходжанні назвы “Геранёны”, як гараваў Вялікі князь, калі згінулі яго любімыя дзве дачкі: Нона (якой бацька не дазволіў кахаць бедняка Томаша) і Гера (якая, каб не паўтарыць лёс сястры, шукала праўду ў цыган).

Ад гора князь не ведаў, каго катаваць. Ён загадаў у памяць аб сваіх дачушках назваць пасяленне Геранёны, што значыць Гера і Нона —здвоенае імя. Станьце сведкамі прыгожага рамантычнага танца літоўскай прыгажуні Барбары Радзівілл і польскага караля Жыгімонта Аўгуста, гісторыю трагічнага, але вечнага кахання якіх ведаюць нават самыя маленькія жыхары Іўеўскага раёна.

 -Можна, я вам напішу з таго краю, што завецца Геранёнамі? Я нічога ў вас не прашу - проста душу выліць вельмі хочацца,- быццам гучыць голас мясцовага краязнаўцы, паэта Алены Іванаўны Смалянічэнка. 

Менавіта яна перадае маладому пакаленню гісторыю мястэчка. Яна распавядае пра род Гаштольдаў, якія стаялі на самым версе феадальнай піраміды Вялікага княства Літоўскага, пра Крыжацкія хронікі, якія згадваюць Гаштольдэндорф у 1386 годзе, пра тое, што назва “Геранёны” паходзіць ад літ. слова “Geraj” – “добры” ці, можа, ад “гораноны” - “нагрэты”. 

Добрапачценнае спадарства, збярыцеся, як некалі, у сярэдзіне XVIII стагоддзя разам з каралём Аўгустам III, калі было надзена Магдэбургскае права гораду Геранёны. Навучыцеся “чытаць” Герб, які Геранёны атрымалі 25 мая 1792 года. Сімвал Герба– імкненне да адзінай, незалежнай дзяржавы. Золата – схільнасць да заможнай стабільнасці; срэбра - адраджэнне, інтуіцыя; меч – вольнасць, вайна і абарона; чырвонае сэрца – гэта шчырасць, розум, гарачыя ўчынкі. Людзі з такімі гарачымі, добрымі, адданымі сэрцамі і зараз жывуць у Геранёнах.

 Пасля ўступнага прывітальнага слова старшыні Геранёнскага сельвыканкама Віктара Эдвардавіча Вершаловіча – узнагароды, віншаванні і падзякі для людзей самых розных прафесій. Ушаноўвалі настаўнікаў Геранёнскай сярэдняй  школы на чале з Людмілай Іванаўнай Станкуць; усіх работнікаў КСУП імя Баўма; выкладчыкаў Геранёнскай дзіцячай школы мастацтваў на чале з Кацярынай Леўдаровіч; выхавацеляў і нянечак дзіцячага сада аг.Геранёны разам з Марынай Марянаўнай Алабінай; медыцынскіх работнікаў; прадпрымальнікаў Генадзя і Кацярыну Халупка, Анатоля і Ірыну Панасевіч, Сяргея і Таццяну Шаталавых, Алега і Рэнату Янушка, Аляксея і Святлану Антановіч, Наталлю Салееву, Наталлю Яковіч, Алену і Гінтараса Маргяліс, Віктара і Яніну Гурскіх, Іосіфа і Тамару Глушкевіч, Ірыну і Валянціну Карпыза; пагранічнікаў. 

Сучаснае жыццё, вытворчыя пабудовы, людзі – побач з руінамі замка і былога горада Гаштольдаў. Цудоўны і прыгожы гэты куточак нашай Бацькаўшчыны! Менавіта для яе і гучалі песні ў выкананні Л. Трубіцкай, А. Нехведовіча, групы «Чароўны мікрафон», групы «Мроя», Т. Грынюк, М. Балдоўскай і І. Анішчанка, З. Старасцінай, інструментальнай групы ансамбля “Вечарынка”, М. Чупінай, В. Кандрацьевай, дуэта «Вернісаж», Я. Вайцехоўскага. Калі ласка, прыязджайце ў Геранёны!