Главная / Новости / Новости района
08.08.2022

З крыніц прыгажосці, таленту і працы. На Іўеўшчыне адбылося свята “Бакштаўскі каларыт”

А праўда, навошта нам сонца Манака, калі ў Іўеўскім раёне амаль што кожныя выхадныя можна добра адпачыць ў маленькіх вёсачках ці аграгарадках. У кожнага, хто прыехаў 7 жніўня 2022 г. ў в.Бакшты  на фестываль вясковай культуры «Бакштаўскі каларыт», у душы стала светла, радасна і кветкава. 

Гэта быў сапраўдны шматжанравы фестываль - конкурс мастацтваў, які цудам змясціўся на пляцоўцы каля аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы, можа, таму, што галоўнае не тэрыторыя, а думкі, пачуцці і эмоцыі, якія ён падарыў людзям. Фестываль склікаў знаўцаў і аматараў вясковай культуры, прадстаўленай песнямі, танцамі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці. 

Шанаваць сваё і памятаць мінулае - вось заклад паспяховага развіцця любой дзяржавы. Раённы конкурс побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” дапамог успомніць немудрагелістыя рухі і, як лічылі нашы продкі,  іх уплыў на здароўе чалавека, прынёс шмат прыемных хвілін і знаёмств. 

Калектывы аматарскай творчасці раёна зрабілі для гасцей  канцэрт “Гучы, родная песня”. Чысціня гукаў адрознівае беларускую народную песню ад іншых мелодый. І гэта тая самая чысціня, ад якой залежыць энергетычны, духоўны патэнцыял працягу роду; гэта досвед, які назаўжды застанецца ў памяці, не зменіць каштоўнасці і погляды жыцця беларускага народа. 

Адчуць сябе ў сваёй талерцы дапамагала беларуская вясковая кухня – вышэйшы клас. Гэта паказала выстава-дэгустацыя страў і напояў “Што ні страва – дзіўны смак”. Яна ж не давала нікому застацца галодным, бо наш народ гаспадарлівы і гасцінны. 

На Іўеўшчыне і за яе межамі добра ведаюць імёны такіх майстроў, як Юзэфа Старасціна, Вера Чурэйна, Ірына Смірнова і іншыя. А слава здабываецца працай, як вядома. Плён працы таленавітых і самабытных майстроў можна было ўбачыць на выставе-кірмашу вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З крыніц прыгажосці” і  нават прыняць самім удзел у  майстар-класе па традыцыйных рамёствах “Сакрэты рамяства”.
 
Як вам? Ацаніце працу майстроў. 

Чым далей мы ад мітусні, тым больш бачым прыгажосці.Фестываль з яго выставай прадметаў народнага побыту “Зроблена рукамі землякоў” выклікаў жаданне паўтарыць дома прыгатаванне страў беларускай кухні і зрабіць гэта менавіта ў чыгуне, а падаць у гліняным посудзе з драўлянай лыжкай. 

Беларусы ўмеюць ад душы не толькі працаваць, але і адпачываць. Доўга гучалі песні, шмат было жадаючых танчыць, прымаць удзел у забавах і конкурсах. А для малых працавалі атракцыёны.
 
Вельмі хацелася мне прыдумаць новае свята. Напрыклад, "Бабуліна піражкі". Сабраць бабуль і ўнукаў у вясковай хаце з адпавядным інтэр'ерам, дзе і тканыя покрывы, і вышытыя абрусы...А потым уплятаць прыгатаваныя бабулямі толькі па вядомых ім рэцэптах піражкі пад мернае ціканне гадзін з зязюляй і бабулінымі апавяданнямі пра мінулае. 
Але навошта прыдумляць такое свята з радасцю, смехам і вяселлем, калі яно ўжо існуе - фестываль вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт”. 

Ірына Халява. 
Фота Кірыла Маціфейчыка.