Главная / Новости / Новости района
06.07.2023

У КСУП “Суботнікі” жніво распачалося абрадам “Зажынкі”


На Іўеўшчыне стартавала жніво. Першымі да ўборкі ўраджаю бягучага года прыступілі працаўнікі КСУП “Суботнікі”. 

Хлеб заўсёды быў у пашане ў беларусаў. Таму адносіны ў нас да зямлі-карміцелькі асаблівыя, як і да людзей, якія нас кормяць. Нездарма нашы продкі, перш чым выйсці ў поле, праводзілі абрад “Зажынкі”. Зладзілі яго і суботніцкія хлебаробы. 
.. Гаспадыні ўзялі сярпок у рукі і пайшлі ў поле, каб зажаць той самы першы снапок, які пачэсна ўносіўся ў хату, ставіўся ў самы чырвоны кут і зберагаўся. 

Зажынкі – гэта абрад, калі трэба было сабраць першы сноп. Лічылася, якім ён будзе, такім і будзе ўраджай і хлеб на стале. Таму трэба было дамовіцца і з надвор'ем, і з Богам, таму ўсе жанчыны, якія выходзілі ў поле, верылі ў тое, што тыя каласкі, якія яны першымі сажнуць з поля, абавязкова дадуць самы багаты ўраджай, і будзе вялікі хлеб на стале. 

Першы сноп уручылі дырэктару сельгаспрадпрыемства Аляксандру Валканоўскаму, які тры разы падкідваў яго ў неба, каб у працаўнікоў жніва не падвяло здароўе, каб добрый ураджай сабралі і каб тэхніка працавала як гадзіннік. Добрага ўраджаю, смачнага хлеба, шчаслівага жніва жадала героям уборачнай першы намеснік старшыні райвыканкама- начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Святлана Філімон, якая разам са жнеямі зажыналала першы сноп. 

-У вас абавязкова ўсё атрымаецца,- сказала Святлана Мікалаеўна, звяртаючыся да камбайнераў і вадзіцеляў. - Таму што бачна жаданне працаваць адказна і старанна. Толькі такім чынам магчыма сабраць важкі каравай. 

Зычыла аптымізму, добрага настрою, дабрабыту і міра старшыня Суботніцкага сельвыканкама Валянціна Філон, якая адзначыла, што галоўным багаццем беларусаў з’яўляецца зямля-карміцелька. Таму важна шанаваць яе, а яна аддзячыць багатымі ўраджаямі. Па традыцыі святар Аляксандр асвяціў поле, земляробаў і тэхніку. 

Затым уся ўвага перайшла да галоўных герояў свята. Ім уручылі па духмянаму букету лугавых рамонкаў і васількоў, а таксама пачаставалі свежаспечаным хлебам. І праз колькі хвілін поле напоўнілася гулам камбайнам. 

Пачатак добрай справе пакладзены. 

У тэму Як расказаў дырэктар КСУП “Суботнікі” Аляксандр Валканоўскі, на палях гаспадаркі азімы ячмень займае 137 га. Пры наяўнасці добрага надвор’я аграрыі справяцца з уборкай яго за 4 дні. Далей пачнецца жніво рапсавых культур, потым астатніх зерневых. 

Ірына Бутурля. 
Станіслаў Зянкевіч (фота).