У Дзень Дзяржаўных сцяга, герба, гімна Рэспублікі Беларусь на плошчы ля Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Герб, гімн, сцяг – сімвалы нашай незалежнасці”.
Эмоцыі гонару, калі гучыць беларускі гімн і лунае сцяг – складана пакласці ў словы. Гэтыя дзяржаўныя сімвалы суправаджаюць нас у найважнейшыя моманты. З імі мы сустракаем гасцей, адчыняем знакавыя аб’екты, і паднімаемся на вяршыні.

Дзяржаўны флаг, блізкі да сучаснага, з’явіўся толькі ў 1951 годзе. У сувязі з тым, што Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. І для таго каб сцяг быў больш вядомы, яго перарабілі блізка да сучаснага ўзору.
Тады з’явіўся і вядомы кожнаму беларусу арнамент: сімвал старажытнай культуры народа і яго духоўнага багацця. Мы сталі першымі ў свеце, хто дадаў на свой дзяржаўны сцяг такі элемент. А вышыла яго простая сялянка Матрона Маркевіч з Віцебскай вобласці яшчэ ў 1917 годзе. Маральныя коды беларусаў зашыфраваны і ў колерах. Зялёны азначае працавітасць і тварэнне. А чырвоны — сілу і мужнасць. Гэта і сімвал пераемнасці пакаленняў, і памяць аб гераічным подзвігу.


Пад чырвоным баявым сцягам нашы дзяды і прадзеды ішлі ў атаку, да апошняй кроплі крыві ваявалі супраць фашыстаў.
Аддаць сцяг ворагам было страшней за смерць, таму і абаранялі яго цаной уласнага жыцця. У чэрвені 1941 года абаронца Брэсцкай крэпасці Радыён Семянюк пад градам бомбаў схаваў сцяг свайго дывізіёна ў адной з казармаў Усходняга форта. А праз 15 год вярнуўся і адшукаў.


Пад гукі дзяржаўнага гімна права ўзняць сцяг Рэспублікі Беларусь было прадстаўлена малалетняму вязню фашызма Людміле Карлаўне Абрамовіч, галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу КСУП “Баўма” Ліліі Пільжыс, вучаніцы Іўеўскай СШ, намесніку старшыні Маладзёжнага савета пры Іўеўскім раённым Савеце дэпутатаў Паліне Манулік.

— Сёння ўся наша краіна адзначае вялікае свята – Дзень дзяржаўных сімвалаў. У кожнай незалежнай суверэннай дзяржавы ёсць свае сімвалы. Гэта наша візітная картка. Гэтыя святыя сімвалы аб’ядноўваюць нас у адну вялікую сям’ю, адлюстроўваючы суверэнітэт і багатую гісторыю нашай краіны. У іх увасоблены духоўныя каштоўнасці беларусаў: міралюбнасць, працавітасць і вернасць роднай зямлі. Шанаваць свае сцяг, герб і гімн — абавязак і справа гонару кожнага грамадзяніна, – сказаў Ігар Генец.
Кіраўнік раённай улады пажадаў мірнага неба, моцнага здароўя, шчасця дабрабыту і росквіту.

Член Маладзёжнага савета пры Іўеўскім раённым Савеце дэпутатаў Дар’я Барадын адзначыла, што любоў да малой радзімы пачынаецца з трапяткіх адносінаў і правільнага выкарыстання беларускай сімволікі.

— Наш народ стагоддзямі ішоў да незалежнасці, абараняючы сябе і родную зямлю ад фізічнага і духоўнага прыгнёту. І гэты шлях адлюстраваны ў галоўных сімвалах Беларусі, увасобіўшых у сабе важнейшыя каштоўнасці і ідэалы – любоў да радзімы, імкненне да свабоды і справядлівасці, плённай працы на сваёй зямлі, жаданне жыці у міры і згодзе ў агульным беларускім доме, – сказала член маладзёжнага Савета.




У гэты святочны дзень піянеры Субботніцкай СШ папоўнілі шэрагі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Але спачатку адбылася ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам. Яе правяла старшыня Іўеўскага раённага Савета БРПА Вераніка Кучынская.


Членскія білеты і значкі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» уручыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марыя Бялкоўская.


Затым новаспечаныя члены члены БРСМ прынеслі клятвы вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь і ўсклалі кветкі ля памятнага знака ў гонар вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.





Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).