Главная / Новости / Новости района
01.12.2021

Суквецце культур. У Лідзе прайшоў абласны адборачны тур рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

Унікальнае сузор'е талентаў сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія жывуць і працуюць у Прынёманскім краі, сабрала 27 лістапада Лідчына. 

У Палацы культуры г.Ліда прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: татары, літоўцы, беларусы,  украінцы, рускія, яўрэі, палякі і казахі падзяліліся сваімі талентамі, музычнымі і вакальнымі здольнасцямі. Аматарскія калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, дуэты, таксама майстры народнай творчасці прыехалі з ўстаноў культуры Гродзеншчыны. 
      
У выставачнай праграме абласнога адборачнага тура XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур прынялі актыўны ўдзел беларускія татары з г.Іўе. Выставачная экспазіцыя самабытнай татарскай культуры ўключыла творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, сцэнічны нацыянальны касцюм. 

Увазе рэспубліканскай камісіі іўеўскімі майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” была прадстаўлена выстава мугіроў таленавітай зямлячкі, прадстаўніцы беларускіх татар Эміліі Халільеўны Шабановіч пад назвай “Крок да Усявышняга”. Крокі ў Эміліі Шабановіч, праяўляюцца ў яе дабраце, любові да Бога і людзей, ўменню вышываць і маляваць па шкле цытаты з Карана, радавацца кожнаму дню і дзяліцца радасцю з іншымі. Гэта жанчына адзіная ў Рэспубліцы Беларусь, якая займаецца стварэннем мугіроў і валодае арабскай мовай. Дар і талент ёй дадзены ад Усявышняга. Работы Шабановіч шырока вядомыя не толькі ў нашым рэгіене, але і за яго межамі. 

Па выніках абласнога тура фестывалю Шабановіч Эмілія Халільеўна разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў прадставіць Гродзенскую вобласць на заключных мерапрыемствах XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у г.Гродна летам 2022 года. 

Свята такога фармату не мае аналагаў. Асаблівы, каларытны і прадстаўнічы форум накіраваны на захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, гісторыі, самабытнасці нацыянальных меншасцей. Пачынаючы з 1996 года сталіцай фестывалю кожныя два гады, становіцца горад над Нёманам.