Беларусь – цікавы і непаўторны край. Нямала тут цудоўных куткоў, якія пакідаюць незабыўны след у памяці кожнага, хто тут жыве або наведвае яго ў якасці госця.
Удзельнікі праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” (вучні 5 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы) сабраліся на чарговы ўрок “малявання” “Адчыніць таямніцы роднага краю” ў Іўеўскую раённую бібліятэку.
На працягу года з дапамогай палітры фарбаў бібліятэкары з вучнямі ствараюць каляровы вобраз нашай Радзімы. На гэты раз размова ішла пра зялёны колер.
Зялёны колер “паведаміў” нам пра некаторыя эка-факты з жывёльнага і расліннага свету Беларусі. Пасля прысутныя пазнаёміліся з двумя цікавымі кнігамі: “Чырвоная кніга Беларусі” і “Чорная кніга Беларусі”.
Прырода Беларусі ўнікальная. Тут можна сустрэць шмат рэдкіх відаў раслін і жывёл. У рэспубліцы створаны дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі, з якімі прысутныя таксама пазнаёміліся ў межах мерапрыемства.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці на “бярозавых” лісточках напісалі свае самыя шчырыя пажаданні краіне і прымацавалі іх да імпрэзаванага дрэва.