Главная / Новости / Новости района
15.06.2022

Пераможцы ХХХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

Сярод пераможцаў ХХХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” – 7 бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны. У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” дыпломам першай ступені адзначана Іўеўская раённая бібліятэка. Супрацоўнікамі ўстановы праведзена вялікая пошукавая работа, якая прысвячалася Ільдэфонсу Бобічу, святару, пісьменніку, асветніку. У выніку знойдзены рукапіс “Гісторыя Івейскай парафіі”, 10 рарытэтных выданняў з экслібрысам; выяўлены 2 рэфераты, тэкст артыкула з газеты “Беларус” (на беларускай мове ў лацінскай графіцы); 1-я і 3-я часткі працы “Нядзельныя Евангеллі і навукі” – першага сучаснага беларускага падручніка для каталіцкага духавенства (на беларускай мове ў лацінскай графіцы) і інш. З касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў фонд раённай бібліятэкі перадалі ксеракопію рукапіса вершаў, якія ніколі і нідзе не выдаваліся, таму прадстаўляюць вялікую каштоўнасць.

Назапашаныя матэрыялы сталі асновай для стварэння старонкі са звесткамі пра жыццё і творчасць І. Бобіча ў краязнаўчай базе дадзеных асабістай генерацыі “Знакамітыя землякі”.

У гэтай жа намінацыі дыплом першай ступені сярод бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці – у Жытамлянскай сельскай бібліятэцы Гродзенскага раёна.

У намінацыі “За навацыі ў бібліятэчнай справе” дыплом першай ступені атрымала Нацкая сельская бібліятэка Воранаўскага раёна.

Міхалішкаўская сельская бібліятэка Астравецкага раёна атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”.

Свіслацкая раённая бібліятэка ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” узнагароджана  дыпломам другой ступені.

Заахвочвальныя прэміі атрымалі 2 установы: Смаргонская раённая бібліятэка і Любчанская ГПБ Навагрудскага раёна.

Віншуем пераможцаў!