З нагоды 525-годдзя з часу ўзвядзення Геранёнскага замка ў біблятэцы-філіяле аг. Геранёны адбылося краязнаўчае падарожжа “Праз вякі і пакаленні”.
Бібліятэкар расказала ўдзельнікам пра гісторыю замка, які быў пабудаваны па загаду канцлера Вялікага княства Літоўскага Альбрэхта Гаштольда і лічыўся адным з самых прыгожых у Вялікім Княстве Літоўскім у XV – XVI стст. Менавіта яго гісторыкі называюць сведкам кахання польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста і прыгажуні-княгіні Барбары з роду Радзівілаў. Да нашага часу на месцы славутай пабудовы захаваліся толькі земляныя валы і невялікія фрагменты каменных сцен. Рэшткі Геранёнскага замка ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Падчас мерапрыемства падарожнікі наведалі музейны пакой народнага майстра Рэспублікі Беларусь Ю.Э. Старасцінай, дзе іх увазе быу прадстаўлены макет замка ў Геранёнах, зроблены з саломкі, прынялі ўдзел у краязнаўчай віктарыне “Гісторыя роднага краю” і адправіліся на экскурсію, каб сваімі вачыма паглядзець на рэшткі архітэктурнага помніка, адчуць подых гісторыі.
Краязнаўчае падарожжа прайшла вельмі цікава і пазнавальна.