Главная / Новости / Новости района
30.05.2022

На вачах ажыла мінулая эпоха. У аг. Жамыслаўль прайшоў шляхетскі фэст “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх”

Хто з нас не марыў на хвіліну-другую апынуцца пару стагоддзяў назад?! Напрыклад, на якім-небудзь рамантычным балі, дзе перад вытанчанымі дамамі ў неверагоднай прыгажосці сукенках схіляюцца ў танцы галантныя кавалеры, дзе заварожваючыя акорды паланэза ці менуэта да глыбіні кранаюць струны душы, дзе так хочацца хаця б на некалькі імгненняў адчуць сябе, як мінімум, каралевай балю… Гэта я аб тым, што сёння ўвасобіць гэтыя мары ў жыццё была магчымасць у кожнага, хто завітаў на шляхецкі фэст “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх”, які праходзіў у аг. Жамыслаўль на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу – былой рэзідэнцыі Умястоўскіх.

Пачалося брэндавае мерапрыемства з тэатралізаванага шэсця, дзе гасцей вітаў уладар зямель Жамыслаўльскіх граф Умястоўскі і яго жонка Яніна. Між іншым, Уладзіслаў быў чалавекам прагрэсіўным і касмапалітычным: ён размаўляў на 9 мовах, “завісаў” у еўрапейскіх салонах, сябраваў з французскімі літаратарамі. Напрыклад, з бацькам і сынам Дзюма - Уладзіслаў нават перакладаў на польскі камедыі Дзюма-сына, якія потым ставілі ў тэатры Кракава. 

Да Жамыслаўля Уладзіслаў і Яніна мелі асаблівую любоў: яны давялі да розуму інтэр'еры палаца і вялі ўзорную гаспадарку. З паездак у Парыж і Вену Умястоўскія прывозілі скульптуры, карціны і люстры, а некаторую мэблю выраблялі мясцовыя ўмельцы па малюнках Юзэфы.

Аднойчы Уладзіслаў і Яніна з'ездзілі ў Венецыю і засталіся ў такім захапленні, што надумалі “замуціць” у сваім маёнтку нешта такое, што будзе нагадваць аб тым цудоўным падарожжы. Яны вырашылі пракласці на Гаўе спецыяльныя каналы і засадзіць усё дрэвамі. Атрымаўся цэлы парк, які так і назвалі - "Венецыя". У цэнтры парка стаяў млын, вакол плавалі лебедзі і дзікія качкі, а ў святы па каналах каталі на лодках гасцей. Акрамя эстэтычнай функцыі, гэтыя каналы былі яшчэ і карыснымі ў гаспадарцы - яны ратавалі маёнтак ад вясновых затапленняў. 

…У гэты на свята да Умястоўскіх сабралася ўсё высокае прадстаўніцтва: княгіня Ева са світай – заснавальніца зямель іўеўскіх, княгіня Барбара Радзівіл-жонка ваяводы Станіслава Гаштольда з мураваных Геранён, князь Трабус і світа – заснавальнік зямель Трабскіх, лаздунскія цыганы пана Іпаліта Корвіна Мілеўская з родавага маёнтку “Лаздуны”, Юрата-заснавальніца пасёлка Юрацішак.

… Здавалася, што на вачах ажывае мінулая эпоха. Гэтак трапна выконвалі ролі работнікі культуры раёна. Яны дапамаглі гледачам здзейсніць літаратурна-музычнае падарожжа па цудоўнай беларускай зямлі, краю нашых продкаў, па Жамыслаўлю. Прыемна было чуць як прыгожа гучыць роднае слова, радасць напаўняла сэрца ад таго, што мы аддаём даніну павагі нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – стваральнікам прыгожай сядзібы палаца Умястоўскіх – і разам з тым робім крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце твар.

Вітала гасцей свята старшыня Суботніцкага сельвыканкама Валянціна Філон і ксёндз Аляксандр -святар касцёла св.Уладзіслава ў Суботніках. 

Тэатралізаваная замалёўка “З жыцця Умястоўскіх” нагадала гады жыцця знакамітай графскай пары, калі Уладзіслаў выканаў сваю самую запаветную мару – пабудаваў касцёл. Храм быў кансэкраваны 27 чэрвеня 1904 года падтытулам св. Уладзіслава Венгерскага. Да Года гістарычнай памяці падчас мерапрыемства была высаджана “Алея жыцця” – алея руж, якую калісьці садзіла гаспадыня палаца – Юзэфа Умястоўская. 

Затым у гонар свята прагучаў гімн Жамыслаўля “ Жамыслаўльскі вальс”, аўтарам якога з’яўляецца наш зямляк, гісторык і краязнаўца Алег Ігліцкі. 

Для насычанага адпачынку гасцям свята стварылі ўсе ўмовы. Асаблівае захапленне выклікала выступленне сталічнага аматарскага танцавальнага калектыва гісторыка-побытавых танцаў “ Баламуты” з танцавальнай праграмай “Серпантын” і дэфіле беларускіх касцюмаў з элементамі вышыўкі і саломапляцення. Свой талент і творчасць дарылі народныя калектывы і асобныя выканальнікі. 

Прыхільнікі прыгодаў змаглі паўдзельнічаць у квэст-гульні “Сцежкамі старадаўняга парку”. На працягу свята працавалі дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя палаткі, выстава народнай творчасці, выстава– продаж сувенірнай прадукцыі, бяспройгрышная латарэя. У жадаючых была магчымасць магчымасць адведаць духмянай юшкі і апетытных шашлыкоў. 

Завяршылася свята танцавальнай праграмай “Вечар у старадаунім парку.”

І. БУТУРЛЯ. 
Д. ЗЯНКЕВІЧ (фота).