Главная / Новости / Новости района
25.05.2022

“Мы малюем Беларусь”: краязнаўчае падарожжа “Гартаючы старонкі гісторыі краю”

На чарговае конкурснае краязнаўчае мерапрыемства ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь” запрасіла бібліятэка-філіял аг.Трабы. Мерапрыемства было арганізавана ў форме падарожжа па нашай краіне і Трабскай зямлі. 
Для “малявання” бібліятэкар выбрала белы колер, бо гэта колер свабоды. Недарэмна лічаць, што назва нашай краіны – Беларусь звязана з непахіснай воляй да свабоды. Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці, і гэтыя якасці павінен свята захоўваць у сваёй душы сапраўдны сын беларускай зямлі. Менавіта такімі людзьмі і з’яўляюцца жыхары вёскі Трабы. 

На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 3-4 класаў і была запрошана Горбач Тамара Міхайлаўна, настаўніца, якая нарадзілася і працавала на Трабскай зямлі. Яна з вялікім захапленнем расказала пра сваё жыццё і жыццё сваіх бацькоў, пра мінулае вёскі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы людзі праявілі сапраўдны гераізм. На франтах мужна ваявалі і жыхары Трабаў, якія назаўсёды застануцца ў памяці. У цэнтры аграгарадка знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых пры вызваленні вёскі. 

На памяць аб сустрэчы і як узнагароду за ўдзел у конкурсах, дзеці атрымалі сціплага Бусліка, які прынясе шчасце ў кожны дом і будзе напамінаць пра любоў да роднай зямлі, да Беларусі. Да мерапрыемства была аформлена кніжная экспазіцыя “Пачатак усяму – зямля тваіх бацькоў”.