Главная / Новости / Новости района
12.04.2022

Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня

9 красавіка 2022 года з традыцыямі святкавання Вялікадня на Гродзеншчыне змаглі пазнаёміцца наведвальнікі рэгіянальнага фестывалю-кірмашу вырабаў рамеснікаў у г.Гродна. 

На фестывалі “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” можна было знайсці вырабы на любы густ. Прылаўкі мільгалі букетамі верб, рознакаляровымі велікоднымі цацкамі, саламянымі кошыкамі і традыцыйнай святочнай вышыўкай. Госці кірмашу ўдзельнічалі ў майстар-класах па роспісе яек, вырабу карунак з паперы і афармленню абрадавых вербаў.

Велікодныя звычаі, шчырыя віншаванні, мясцовыя песні, танцы і народныя гульні стварылі добры настрой. На галоўнай пляцоўцы фестывалю выступілі лепшыя фальклорныя калектывы і ансамблі народнай песні Гродзенскай вобласці. Сярод іх і ансамбль народнай музыкі “Вечарынка” адзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Геранёны дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”.

У падрыхтоўцы да сустрэчы светлага вясновага свята абуджэння, веры і надзеі, згодна з народнымі і хрысціянскімі традыцыямі, актыўна ўдзельнічалі і майстры Іўеўшчыны. 

Дыплом рэгіянальнага фестываля-кірмашу вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» атрымаў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”.

Спецыяльным Дыпломам абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вялікодны падарунак» за пераемнасць народных традыцый узнагароджана майстар па саломапляценню Вера Паўлаўна Чурэйна (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры). 

Захаванне абрадаў і памяць продкаў – важная работа для кожнага грамадзяніна, асабліва, у Год гістарычнай памяці.