Главная / Новости / Новости района
04.02.2025

Гісторыя адной кнігі пачынаецца…

У ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” стартаваў раённы прафесійны конкурс “Гісторыя адной кнігі”! Нагадаем, што ў яго межах з 1 студзеня па 20 лістапада 2025 г. бібліятэкі-ўдзельніцы арганізуюць комплекс мерапрыемстваў для найбольш поўнай, змястоўнай, цікавай і арыгінальнай папулярызацыі адной кнігі (альбо твора) любога жанру (гл. Палажэнне аб Конкурсе). Пра дзейнасць бібліятэк, што мае дачыненне да конкурсу, мы будзем інфармаваць на сайце і ў сацыяльных сетках бібліятэкі.
Сёння прапануем вам пазнаёміцца з выставай адной кнігі “Мой родны кут, як ты мне мілы….” па паэме Якуба Коласа “Новая зямля”, аформленай у бібліятэцы-філіяле аг.Трабы. Мэта выставы – зацікавіць чытачоў гэтай незвычайнай кнігай, якую называюць “энцыклапедыяй сялянскага жыцця, мастацкай этнаграфіяй Беларусі”.

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены выданні гэтай кнігі розных гадоў і разнастайныя матэрыялы, якія дапамагаюць раскрыць змест паэмы і садзейнічаюць больш глыбокаму яе разуменню: кнігі пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, літаратуразнаўчыя даследаванні “Новай зямлі”, урыўкі з паэмы, рэпрадукцыя партрэта пісьменніка, ілюстрацыі, прадметы сялянскага побыту.

Каля выставы была праведзена гутарка “Мой родны кут….” з вучнямі 5 класа Трабскай сярэдняй школы, падчас якой бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з жыццёвым і творчым лёсам Я.Коласа і, з дапамогай прадстаўленых матэрыялаў, прэзентавала паэму “Новая зямля”.

Гэты ліра-эпічны твор стаў адной з найважнейшых вех у гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар адлюстраваў у паэме сутнасць беларусаў – нацыянальны характар, народную філасофію, міфалогію, сялянскі побыт, хараство беларускай прыроды, непарыўную сувязь чалавека з роднай зямлёй. Нягледзячы на тое, што імкліва праляцела больш за стагоддзе з таго часу, як радкі “Новай зямлі” ўпершыню ўбачылі свет, паэма і сёння не страціла сваёй мастацкай каштоўнасці.