Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі адбылася паэтычная гадзіна “Гімн роднай мове”, на якую былі запрошаны вучні 8 “А” і “Б” класаў сярэдняй школы.
Бібліятэкары распачалі сустрэчу словамі вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў” і прапанавалі юным беларусам акунуцца ў чароўны свет роднай мовы.
Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з кніжнай выставай “Усё пачынаецца з роднага слова”, выразна чыталі вершы (“У нас сваiх хапае слоў” Ю.Свіркі, “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Н. Гілевіча, “Калі ласка” П.Броўкі і іншыя), слухалі пяшчотныя і мілагучныя беларускія песні пра родную мову, адгадвалі жарты-загадкі і спаборнічалі ў вымаўленні скорагаворак.
Завяршылася імпрэза словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”.