Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.06.2023

Зямля з блакітнымі вачамі

Чэрвеньскае пасяджэнне дзіцячага аматарскага аб’яднання “PRO-книги” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося ў межах агульнаадукацыйнага абласнога праекта “Аб чым не паведаміў падручнік”.

Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у гульні-знаёмстве “Зямля з блакітнымі вачамі”,  прысвечанай 110-годдзю  з дня нараджэння беларускай паэтэсы Эдзі Агняцвет і юбілейным датам з часу выхаду ў свет казак “Вавёрчына гора” В.Віткі (75 гадоў) і А.Васілевіч “Калінавая рукавічка” (60 гадоў).

Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з біяграфіяй і творчасцю Эдзі Агняцвет, якую называюць беларускай Агніяй Барто: сваімі вершамі Э.Агняцвет стварыла цэлы сусвет беларускай дзіцячай паэзіі. Удзельнікі чыталі вершы: “Зямля з блакітнымі вачамі”, “Жаўранкі”, “Маме” і іншыя. А жартоўны верш “Параска і падказка” цудоўна праінсцэніравалі.

Падчас пасяджэння дзеці таксама даведаліся пра гісторыю стварэння казак В.Віткі “Вавёрчына гора” і А.Васілевіч “Калінавая рукавічка”, чыталі ўслых і  абмяркоўвалі гэтыя творы, адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны.