Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.07.2023

У в. Мікалаева прайшло традцыйнае брэндавае свята “Купальскі карагод”

Столькі традыцый, ведаў і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай, не сустрэнеш у іншых беларускіх святах. Нездарма яно лічыцца адным з ключавых у календары і любімым у народзе. Купалле святкавалі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Падчас свята, якое прыпадае на дзень летняга сонцастаяння, нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства ў гэты дзень сталі адзначаць яшчэ адно свята — нараджэнне святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў, Хрыста. Два святы, па сутнасці, зліліся ў адно. А два святы — гэта яшчэ больш традыцый, паданняў і абрадаў. 

Так сталася, што на Іўеўшчыне Купалле святкуюць у в. Мікалаева, на беразе малянічага ўлоння ракі Нёман. Бягучы год не выключэнне. У пазначаны час гучыць стараславянская музыка і на канцэртнай пляцоўцы з’яўляюцца дзяўчаты з вяночкамі з лугавых кветак, а з імі  Купала і Купалінка – вядучыя свята. Па старой добрай традыцыі ў дзяўчат,  якія прыйшлі на купальскае  свята, на галаве павінен быць вянок. Таму ўсіх жадаючых запрасілі звіць вяночак, гэтым самым, згодна купальскай традыцыі, на лёс паваражыць. 

А хлопцы час дарма не трацілі, скруцілі чучала ведзьмы, якую пазней, як разгарыцца купальскае вогнішча, патрэбна спаліць на  кастры, каб святу не перашкаджала. 
 
Затым Купалінка і Купала прапанавалі  ўдзельнікам паўдзельнічаць у купальскай віктарыне. З яе дапамогай госці свята даведаліся: для чаго моладзь прыгае праз купальскае вогнішча? (ачысціць цела ад хвароб); якая кветка ў купальскую ноч зацвітае? (папараць-кветка); як называецца Бог Сонца? (Ярыла); колькі дзён святкуецца свята Іван Купала? (адзін, 7 ліпеня, а варажбу, гульні і забавы можна праводзіць да 12 ліпеня); у колькіх вадаёмах патрэбна пакупацца, каб ніколі не хварэць? (у 10-ці). 

Затым вядучыя запрасілі ўсіх па традцыі купальскага свята перескочыць праз вогнішча, каб ачысціццва ад хвароб. 

Па народнаму павер’ю ў Купальскую ноч сярод пушчаў і бароў зацвітае папараць-кветка. Старыя людзі казалі, таму пашанцуе ў жыцці, каму давядзецца знайсці папараць-кветку, той, хто знайшоў яе, пачне разумець мову жывёл і раслін і стане на ўсё жыццё шчаслівым. Купалінка, Купала зазывалі моладзь ў лес цёмны і пашукаць гэту незвычайную кветку.  Але дарогу ім перагарадзіла нечысць – ведзьма, лясун, чорт і русалкі. Урэшце рэшт, як і ў кожнай казцы, дабро перамагае. І ўжо ў суправаджэнні лясных персанажаў моладзь шукае папараць-кветку.  

Затым ля купальскага вогнішча арганізавалі вялікі карагод. Няхай у купальскім агні сгарыць усё дрэннае, а застанецца добрае. 



ivyenews.by 
Ірына Бутурля. 
Станіслаў Зянкевіч (фота).