Галоўная / Навiны / Навiны раёна
18.09.2023

У Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу ў гонар Дня народнага адзінства прайшла святочная ўрачыстасць

Урачысты сход і святочны канцэрт пад назвай “Пад адзіным небам”, прысвечаны Дню народнага адзінства, адбыўся сёння ў цэнтры культуры і вольнага часу. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх і релігійных аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.  

Самае маладое дзяржаўнае свята – свята патрыятызму, узаемадапамогі, яднання ўсяго беларускага народа –  мае пад сабой гістарычную аснову. Менавіта 17 верасня 1939 года стала пачаткам уз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, якая была падзелена ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства тэрыторыі краіны, сем'яў, беларускага народа ў цэлым дазволіла Беларусі з усім савецкім народам выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. 

У сваім звароте да прысутных у зале старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец сказаў, што за апошні час самасвядомасць беларусаў прайшла шлях, на які пры іншых абставінах спатрэбіліся б гады. Падзеі, якія адбыліся ў грамадска-палітычным жыцці краіны, дапамаглі выразна ўсвядоміць, што сіла народа – у адзінстве. У яго згуртаванасці вакол нацыянальнага лідэра. І гэта ўжо не абстрактныя словы, як магло здацца яшчэ некалькі гадоў таму. 

–Дзень народнага адзінства – напоўнены магутнай энергетыкай, – сказаў кіраўнік раёна. – Свята з'яўляецца сімвалам згоды і згуртаванасці розных пакаленняў беларусаў. Ён дапамагае кожнаму адчуваць плячо адзін аднаго. Не разбураць, а ствараць і памнажаць усё, што створана намі. «Прайшоўшы праз боль страт Вялікай Айчыннай вайны, разруху 90-х, гібрыдную агрэсію, развязаную сёння супраць дзяржавы, мы захавалі тое, што жыве ў сэрцы, што ніколі нельга аддаць і чым нельга паступіцца. Гэта нашая краіна – Беларусь, дзякуючы якой мы заўсёды будзем адным народам». Гэтыя зразумелыя кожнаму словы Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі знаходзяць разуменне і падтрымку ў грамадстве. 
Да прысутных у зале звярнуліся старшыня  раённага Савета ветэранаў Іван Жыдзель і першы  сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Кучынская. У сваіх выступленнях яны яшчэ раз падкрэслілі важнасць маладога беларускага свята  ў сучасных рэаліях і пажадалі іўяўчанам новых працоўных здзяйсненняў. 

Мерапрыемства прадоўжылася святочным канцэртам, кожны нумар праграмы якога быў напоўнены вялікай любоўю да Радзімы, Беларусі адзінай і гасціннай, якая працягвае руку сяброўства і адкрывае  сваё шчырае сэрца усім народам і суседзям, усім, хто жадае жыць на зямлі мірна. 

Гледачы карцэртнай залы ў чарговы раз  упэўніліся, ў таленавітасці нашых работнікаў культуры. З дапамогай мілагучнай песні перады вачыма ажывала прыгажосць роднага куточка,  ракой лілася пявучая беларуская мова, а  ў душы з’яўлялася адчуванне  вялікага  гонару за сваю Радзіму. Мы мацнейшыя, калі адзіныя, калі мы разам! Толькі ў адзінстве і згодзе, адчуваючы  адзін аднаго, мы зможам захаваць незалежнасць нашай краіны!   




Ірына Бутурля. 
Фота Станіслава Зянкевіча.
ivyenews.by