Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.12.2021

Сустрэча з Міхасём Зізюком

16 снежня ў Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча юных чытачоў з сучасным беларускім пісьменнікам Міхасём Зізюком.
Пісьменнік, які жыве і працуе ў Навагрудку, наведвае Іўеўскую бібліятэку ўжо не першы раз, і кожная сустрэча з прыхільнікамі яго таленту праходзіць вельмі цікава і запамінальна.

М. Зізюк пазнаёміў дзяцей з новай кнігай – экалагічнай чытанкай “Чаму знікла сонейка”. Гэта выданне падрыхтавана ў рамках праекта тэхнічнай дапамогі ЕС “Стварэнне патэнцыялу для поўнай утылізацыі цвёрдых бытавых адходаў для ўстойлівага развіцця чатырох раёнаў Гродзенскай вобласці з увядзеннем ініцыятывы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, распрацоўкай адукацыйных праграм для ўстаноў адукацыі і насельніцтва” пры патрымцы Еўрапейскага саюза з удзелам Навагрудскага, Дзятлаўскага, Іўеўскага і Карэліцкага райвыканкамаў.

Разам з аўтарам дзеці паразважалі пра праблему забруджвання навакольнага асяроддзя, пра тое, наколькі важна зберагчы нашу планету.
У канцы сустрэчы юныя чытачы з задавальненнем прынялі ўдзел у экалагічнай віктарыне, падрыхтаванай  пісьменнікам. Пераможцы гульні атрымалі прызы – кнігі з аўтографам М. Зізюка.

Беларускі пісьменнік падарыў Іўеўскай раённай бібліятэцы 25 экзэмпляраў чытанкі “Чаму знікла сонейка” і кнігу “Таямніца гары Міндоўга” з аўтографам.