Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.11.2020

Попел памяці стукае ў сэрца… 7 тысяч рублёў на ўвекавечанне памяці спаленых і забітых жыхароў вёсак Кавалёвы і Юраўскія

7 тысяч рублёў выдаткаваў Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт з раённага бюджэту на ўвекавечанне памяці спаленых і забітых жыхароў вёсак Кавалёвы і Юраўскія.

За тры гады акупацыі (з 24 чэрвеня 1941 года па 7 ліпеня 1944 года) нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ў нашым раёне 6 вёсак - 115 дамоў і 131 жыхара. Іўеўскімі сёстрамі Хатыні сталі: Ятаўтавічы. Верашчакі, Матыкаўшчына, Бакшты, Кавалёвы, Юраўскія… 

Спакон веку жылі там людзі. Сеялі хлеб, кахалі, нараджалі і расцілі дзяцей. Бацька перадаваў сваю справу і хату ў маладыя рукі сына, той - далей. І працягвалася стужачка жыцця… 

А потым прыйшлі тыя, хто затаптаў тую стужачку гусеніцамі танкаў, расстраляў з аўтаматаў і кулямётаў, выпаліў агнём. Прыйшла вайна: свяшчэнная, народная, крывавая. Аднак узняўся народ, перамог ворага, а пасля вайны сталі людзі аднаўляць свае гарады і вёскі, уздымаць з папялішчаў сваё жыллё і будыніны заводаў, фабрык, шпіталяў, школ… Будаваць не толькі іх, але і сваё жыццё, жыццё краіны. З людзьмі было цяжэй. Іх жа не падымеш з магіл і попелу. Яны засталіся ў тым самотным, тужлівым спісе кожнага трэцяга беларуса, што злажыў галаву сваю на алтар перамогі. 

…Ды не ўсё можна была адбудаваць. Не стала на карце раёна вёсак Юраўскія і Кавалёвы.

29 чалавек з Юраўскіх выкапалі сабе магілу. Жылі разам, разам і ляглі пад кулямі катаў у агульную яму. Расстралялі ўсіх: мужчын, жанчын, старых, дзетак. У 80-ыя гады расказвала рэдакцыі пра той страшны дзень Аляксандра Фёдараўна Шульга. Расказала і пра сваю 19-гадовую пляменніцу. Прыгажуняй была дзяўчына. Асобныя людзі з суседніх вёсак прыязджалі спецыяльна паглядзець на яе, на косы яе амаль да пят… Фашысты таксама “адзначылі” яе красу. Усіх абы як паскідалі ў тую яму, а яе зверху роўненька палажылі, косы на грудзях расправілі… А хаты спалілі. 

Пра долю вёскі Кавалёвы расказаў нам у гэтыя лістападаўскія дні 87-гадовы жыхар Заберазі Філіп Мікалаевіч Гарадовіч, сведка тых жудасных падзей. 

У Кавалёвых кватэравалі нямецкія салдаты - аўстрыйскі батальён. Як сказаў Філіп Мікалаевіч, нічога дрэннага людзям яны не рабілі, спакойна жылі ў вёсцы. Аднойчы ранкам яны ўзняліся і хуценька з'ехалі. А ўжо бліжэй да вечара ў Заберазі, што размешчана рукой падаць, з'явіліся салдаты СС. Іх звонку пазнавалі нават падлеткі - чорнага колеру форма і значкі з літаратарамі SS. Іх баяліся, ведалі, што з'яўленне эсэсаўцаў нічым добрым не закончыцца.

…Ранкам карнікі прыехалі ў Кавалёвы. Выгналі людзей з хацін, сказалі, маўляў, што паспееце вынесці - тое ваша. Астатняе спалім. 

Як памятае наш субяседнік, бацька выкаціў агромістую бочку з зернем. Быў пачатак восені, збожжа новага ўраджаю ўжо перабралася ў клеці, у розныя ёмістасці. Гэта была гарантыя, што сям'я не будзе галадаць. Таму і ратавалі збожжа ў першую чаргу… Аднак фашысты закацілі тую бочку назад у хату. І ахваціла вёску, хаціны з садамі і бэзам пад вокнамі агульнае вогнішча… 

Жыхароў выстраілі ў дзве шарэнгі. А затым забралі па два чалавекі (мужчыны ад 16 гадоў) з сям'і і павялі з вёскі. Сярод тых, хто пайшоў з вёскі і з жыцця, былі яго бацька з братам, родны дзядзька з сынам… 

Аднаго мужчыну чамусьці па дарозе адпусцілі. Ён вярнуўся і сказаў усім, каб беглі з вёскі. І яны пайшлі праз пашу, а затым - у брод. Шмат дзяцей было. 

Яны з маці прыйшлі да бацькоўскай сястры ў Заберазь. А там такая маленькая хацінка і людзей шмат… Прытулак знайшлі ў другіх сваякоў, у якіх і сваіх дзяцей было сямёра, ды у бядзе прывыклі нашы людзі дапамагаць адзін аднаму. 

…Праз два тыдні грыбнікі ў нямецкіх акопах часоў Першай сусветнай вайны знайшлі трупы расстраляных жыхароў вёскі Кавалёвы. На грудзях кожнага вісела шыльда "Партызан". Сярод гэтых "партызанаў" былі і два непаўнагадовыя хлопцы, былыя вучні Валожынскай гімназіі Рыгор Мікалаевіч Гарадовіч і Рыгор Лукіч Бобрык, стрыечны брат Філіпа Мікалаевіча… 

Пагарэльцы ў горы і жалобе жылі ў зямлянках. Вёску не адбудоўвалі. Засталіся назаўжды папялішчам і Юраўскія… І свяцілі яны тым попелам памяці з-за рэчак Іслачы і Бярэзіна насупраць Белага Берага і Заберазі. 

Хлопчык вырас, як і іншыя дзеці з Кавалёвых, у Заберазі жаніўся, сыноў сваіх расціў і выхоўваў. Усё жыццё працаваў у лясной гаспадарцы: "Маладзечналес", "Гродналеспрамгас", лесаўчастак "Мостадрэў". За працоўныя поспехі мае Ганаровую грамату Бакштанскага лесапункта, іншыя ўзнагароды… І ўсё жыццё быў захавальнікам памяці пра сваю спаленую вёску і яе расстраляных жыхароў: суседзяў, сваякоў. 

І менавіта да яго прыйшоў старшыня Бакштаўскага сельвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Буляк, калі стала пытанне далікатнага характару. Жыхароў тых лясных вёсак няма. Населеныя пункты не адрадзіліся, зараз зараслі амаль лесам, дрэвы сохнуць, дарог няма. Вырашыла мясцовая ўлада (былі просьбы і ад нашчадкаў людзей са спаленых вёсак) зрабіць сімвалічнае месца памяці загінуўшым і там захоўваць капсулы з зямлёй з магілаў загінуўшых і спаленых. 

Райвыканкам шчыра падтрымаў ініцыятыву сельвыканкама і людзей, выдаткаваў грошы (між іншым, як і на ўзнаўленне помнікаў салдатам і мірным жыхарам у Трабах, Ятаўтавічах і інш.). 

Два тыдні назад побач з мемарыяльным помнікам, дзе пахаваны байцы-шастакоўцы легендарнага атрада "Слаўны", у Баштах з'явіўся на першы погляд сціплы, але вельмі прыстойны памятны знак. На помніку назвы "Юраўскія" і "Кавалёвы". На вялікай пліце з чорнага граніту, што ляжыць у падножжы знака - імёны загінуўшых і спаленых…

У мінулы чацвер старшыня Бакштаўскага сельвыканкама Аляксандр Іванавіч Буляк і работнікі органа мясцовай улады апусцілі ў зямлю ля помніка капсулы, пра якія вышэй ішла гаворка. 

Збіраліся запрасіць людзей, прывезці сведку тых часін Філіпа Мікалаевіча. Ды прыйшлося ўсё адмяніць, нядобрая эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе вялікіх збораў і мерапрыемстваў. 
З'явілася, дзякуючы раённай і мясцовай уладзе, яшчэ адно месца нашай святой памяці. Яшчэ адно месца, як кажа Аляксандр Іванавіч Буляк, куды змогуць прыйсці на ўрок памяці і гісторыі дзеці. 

Яны павінны прыходзіць у такія месцы, ім павінны расказваць сапраўдную гісторыю пра сапраўдных змагароў за мір, за незалежнасць, каб не вырасці беспамятнымі, каб не цурацца свайго, не прыдумваць новыя сімвалы і запаведзі. Яны ў нас ёсць. І дасталіся цяжкай цаной. 

Будзем берагчы тое, што маем! 

В. ГУЛІДАВА. 
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.