Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.09.2022

Напярэдадні Дня народнага адзінства на месцы спаленай вёскі Юраўскія Бакштаўскага сельсавета ўстанавілі інфармацыйны знак “Памяць. Адзінства. Перамога”

Ёсць падзеі, забыцца пра якія ні ў якім выпадку нельга - памяць быццам бы аберагае нас ад іх паўтарэння. Няма для чалавека нічога больш страшнага, чым вайна. Гібель салдат - гэта, вядома, трагедыя і гора. Але нават на вайне страшным злачынствам з'яўляецца знішчэнне мірных жыхароў. Колькі б дзесяцігоддзяў не прайшло, на вочы наварочваюцца слёзы пры думцы аб дзецях, якім было не суджана вырасці, падлеткаў, якім не дадзена стаць дарослымі, віна якіх толькі ў тым, что іх дзяцінства прыйшлося на час вайны… 

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Год гістарычнай памяці на месцы спаленай вёскі Юраўскія Бакштаўскага сельсавета, якая не адрадзілася пасля вайны, быў устаноўлены інфармацыйны знак “ Памяць. Адзінства. Перамога”.

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Ігар Генец, пракурор Іўеўскага раёна Аляксандр Шырокіх, ваенны камісар Іўеўскага раёна Уладзімір Жэбрык, прадстаўнікі працоўных калектываў, вучні і настаўнікі Бакштаўскай СШ імя М. Чэрнік.

З таго трагічнага часу прайшло амаль 80 гадоў, не засталося ў жывых сведкаў тых жудасных падзей. Аднак у нашым газетным архіве засталіся ўспаміны ад 1991 года Аляксандры Фёдараўны Шульгі (яна была родам з хутара Юраўскія, жыла ў Заберазі): 

- Гэта здарылася ў суботу, дзесьці ў жніўні. Бульбу збіраліся капаць. Панаехалі да нас з ранку немцы. Я замужам была ў Заберазі, а ўся радня - у Юраўскіх. Хочацца, каб у нядзелю ў хаце чыста было. Стала прыбірацца. Убачыла, што немцы да хутароў пайшлі. Мыю падлогу, а сэрца млее чагосьці. Муж, які потым загінуў на фронце, супакойваць стаў мяне. Маўляў, нічога ж не чутно, чаго так непакоішся?! 

Ранкам у нядзелю пабегла ў Юраўскія. Немцы на мосце не пусцілі. А кулямёты ўжо страчылі. І агонь было бачна… 29 чалавек з Юраўскіх выкапалі сабе магілу. Усіх іх і пастралялі. 

Пляменніца ў мяне 19-гадовая была. Такая прыгажуня, што людзі спецыяльна паглядзець прыходзілі. Косы амаль да пят. Адзначылі зверы ў чалавечым абліччы яе прыгажосць. Усіх абы як кінулі ў тую яму. А яе зверху роўненька палажылі, косы на грудзях расправілі. Куля не насмерць забіла, дык жывую не закопвалі, штыком праткнулі ад скроні да вуха… 

У акце Юрацішкаўскай раённай камісіі НДК аб забойстве нямецкімі акупантамі насельніцтва і ваеннапалонных у раёне і ўгоне жыхароў на прымусовыя працы (№80 ад 20 мая 1945 года) значацца такія звесткі грамадзяніна Супрановіча: «У вёсцы Юраўскія ў 1942 годзе нямецка-фашысцкія звяры расстралялі і замучылі амаль усю вёску, расстраляных 20 чалавек, сярод іх былі дзеці 1 года, якіх расстралялі з аўтаматаў, а параненых даколвалі штыкамі, а некаторых закопвалі ў зямлю жыўцом». 

..На Іўеўшчыне лёс Хатыні раздзялілі 6 вёсак: Ятаўтавічы, Матыкаўшчына, Юраўскія, Кавалёвы, Бакшты, Шаркуці. У агульнай колькасці падчас жудасных трагедый у гэтых населеных пунктах загінула 154 чалавекі. Вёскі Юраўскія і Кавалёвы ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 

*** 

Нагадаем, што ў ліпені бягучага інфармацыйны знак з’явіўся на месцы расстрэла фашысцкімі карнікамі 48 бакштоўскіх яўрэяў. Прачытаць пра гэта можна тут 



І. БУТУРЛЯ. С. ЗЯНКЕВІЧ (фота і відэа).