Галоўная / Навiны / Навiны раёна
17.03.2021

На Іўеўшчыне праходзяць мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў

 У Іўеўскім раёне стартавала Рэспубліканская акцыя па ўвекавечанні памяці абаронцаў і ахвяраў войнаў, паведамілі ў сектары ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Мерапрыемствы праходзяць у памяць аб Хатынскай трагедыі, якая адбылася 22 сакавіка 1943 года. 

Як распавяла галоўны спецыяліст сектара Л. Міхноўская, на Іўеўшчыне лёс Хатыні раздзялілі 6 вёсак: Ятаўтавічы, Матыкаўшчына, Юраўскія, Кавалёвы, Бакшты, Шаркуці. Дзве з іх наогул не аднавіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. У агульнай колькасці падчас жудасных трагедый у гэтых населеных пунктах загінула 154 чалавекі. Вёскі Юраўскія і Кавалёвы ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 

Акрамя таго, што на ўсіх месцах пахаванння пройдуць мерапрыемствы па навядзенні парадку, 20 сакавіка ля помніка ў в. Косці, дзе пахаваны жыхары в. Матыкаўшчына, пройдзе жалобны мітынг з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый і моладзі.

Дарэчы, клопат пра пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны – задача нумар адзін для ўсіх узроўняў улады, негледзячы на юбілейныя даты. Напрыклад, у мінулым годзе за кошт раённага бюджэту былі праведзены работы па добраўпарадкаванні помніка 21 мірнаму жыхару в. Матыкаўшчына, якія былі спалены фашысцкімі акупантамі. Найперш, была заменена памятная дошка з фаміліямі і ініцыяламі загінуўшых сяльчан. Затым быў наведзены парадак на блізляжачай тэрыторыі, пахаванне займела новую агароджу, на яго тэрыторыі была пакладзена плітка. 

І. МІХАЙЛАВА.
ІК