Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.12.2021

Душа мая - песня!

У Геранёнах адбыўся вечар-юбілей, прысвечаны 15-годдзю прысваення звання «народны». ансамблю народнай песні «Даўніна». аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Геранёны. 

Гісторыя калектыва пачынаецца з 1992 года, калі ў Геранёнскі цэнтральны Дом культуры на пасаду хормайстра прыйшла працаваць Ірына Яўгенаўна Лысоўская, якая арганізавала першапачаткова жаночы фальклорны ансамбль. З першых дзён свайго існавання калектыў дарыў гледачам яркія ўражанні і пазітыўныя эмоцыі, зараджаў энергіяй і аптымізмам. Беларуская народная песня стала асновай рэпертуару і па  прапанове кіраўніка дала назву калектыву – «Даўніна».

2006 год стаў знакавым для ансамбля народнай песні: ён атрымаў ганаровае найменне «народны аматарскі калектыў». 

Народны калектыў актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах установы культуры аграгардка Геранёны і Іўеўскага раёну. З выязнымі канцэртамі выступае на сцэнічных пляцоўках у аддаленых вёсках свайго раёну і іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. Сярод узнагарод - Падзяка Іўеўскага райвыканкама за прапаганду беларускай народнай песні. З канцэртнай праграмай народны ансамбль народнай песні “Даўніна” выступаў на падвор'і Іўеўскага раёна ў час правядзення рэспубліканскага фестывалю Нацыянальных культур у г. Гродна. 

Добрыя словы павагі і ўдзячнасці былі сказаныя былым акампаніятарам: Яўгену Мікітавічу Пятрову, Валерыю Васільевічу Алейніку, Івану Іванавічу Дубянцу, Валянціне Іванаўне Дайлідка, Дзмітрыю Анатольевічу Дадычын, мастацкаму караўніку, аўтару і аранжыроўшчыку песень Скабельцынай Алене  Георгіеўне і былым ўдзельнікам ансамбля. 

Мастацкі кіраўнік ансамбля – Ірына Лысоўская  - заснавальнік ансамбля, вельмі любіць сваю працу і адказна ды яе адносіцца. Яе крэда – унікальнасць і індывідуальнасць.

Прыемны сюрпрыз ансамблю паднёс сектар культуры Іўеўскага райвыканкама (загадчык Святлана Вацлаваўна Кішкель): сертыфікат на 4 000 рублёў на ўзмацненне матэрыяльнай базы калектыву. Галоўны спецыяліст сектара культуры Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ірына Мечыславаўна Грынкевіч у сваім віншаванні адзначыла: «Ансамбль «Даўніна» – гэта калектыў са сваімі традыцыямі. На працягу 15 гадоў ён радуе нас сваёй творчасцю, упрыгожвае сваімі выступленнямі канцэрты і святы, падае прыклад яскравага творчага жыцця і дорыць нам добры настрой». 

За гады свайго існавання ансамбль набыў мноства сяброў, і многія з іх прыйшлі ў гэты вечар на юбілей для таго, каб прывітаць і павіншаваць гэты цудоўны калектыў. Павіншаваць народны ансамбль народнай песні “Даўніна” і разам з ім асобна ўдзельніцу калектыва- сваю матулю Таццяну Макоўскую з юбілеем прыйшла Лізавета Макоўская. У якасці яе падарунка - народны танец. Словы падзякі выказалі былыя ўдзельнікі народнага ансамбля.

На юбілейным вечары «Душа мая - песня» гучалі добрыя і душэўныя мелодыі: “Ой, у лузе”, “Любіў казачэнька”, “Цячэ вада каламутна”, “Вербанька”. Калектыў унікальны тым, што, працягваючы беларускія традыцыі, выконвае народныя песні і песні на словы мясцовых паэтаў: Алены Карпыза, Алены Смалянічэнка, Алены Скабельцынай. У праграме калектыва прысутнічаюць элементы харэаграфіі, дзякуючы  Ульяне Паўлаўне Мінюк, спецыялісту Геранёнскай дзіцячай школы мастацтва. 

На юбілеі, прысвечаным 15-годдзю прысваення ганаровага звання "народны" ансамблю народнай песні "Даўніна" выступілі салісты народнага хору Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, народны ансамбль народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы г.п. Юрацішкі. 

Сёння ансамбль «Даўніна»- гэта новыя магчымасці і пастаяннае нарошчванне аўдыторыі. Узрост удзельнікаў калектыву - ад 21 да 70 год. Народны ансамбль заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. Створаныя канцэртныя праграмы: “Вітаем вас, суседзі”, “Спявай, душа”, “Геранёнскі гасцінец”, “Мелодыі кахання”, “Ганаруся я сваёй краінай”, “Душа мая – песня”. Рыхтуецца новая канцэртная праграма "Вянок славянскіх песень". Акамапаніятарам калектыва працуе малады спецыяліст – Вераніка Кандрацьева. Гэта адна вялікая творчая сям'я, дзе раскрываецца і зіхаціць талентам кожны. 

На працягу мерапрыемства ішла дэманстрацыя слайд-шоў (архіўныя фотаздымкі ансамбля). Працавалі выстаўка творчых заслуг ансамбля, выстаўка музычных інструментаў і вырабаў з саломы сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны.

Па матэрылах газеты “ІК”