06.12.2022
Віншуем майстроў Іўеўшчыны – носьбітаў беларускіх мастацкіх практык саломапляцення
Віншуем майстроў Іўеўскага раёна – носьбітаў беларускіх мастацкіх практык саломапляцення з уключэннем элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменне” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА)!
Саломапляценне – шырока практыкуемы і асабліва папулярны від народнага рамяства як на Гродзеншчыне, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта рукатворная “візітоўка” нацыянальнай культуры, дзе векавыя традыцыі і сучасная мастацка-рамесніцкая творчасць майстроў спалучаюцца ў сапраўдных шэдэўрах народнага мастацтва. Традыцыйны рэлігійна-абрадавы і ўтылітарны асартымент саламяных вырабаў стаў цікавым экспанатам выставачных і музейных экспазіцый, а сувенірная прадукцыя – эксклюзіўным падарункам для ганаровых гасцей, замежных турыстаў, усіх наведвальнікаў рэгіянальных свят і фестываляў. Для многіх майстроў Гродзеншчыны занятак саломапляценнем стаў справай гонару – працягваць сямейныя традыцыі продкаў і перадаваць веды і ўменні рамяства нашчадкам.
У Гродзенскай вобласці творча працуюць больш за 50 майстроў саломапляцення. У Іўеўскім раёне саломапляценне стала “брэндавым” рамяством для 4 майстроў – Смірновай І.Р., загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, Чурэйна В.П., майстра аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, Старасцінай Ю.Э., загадчыка сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны і Рынгель Т.В., загадчыка сектара культурна-масавай і асветнай работы аг. Дайліды Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Майстры саломапляцення Іўеўшчыны будуць і надалей спрыяць захаванню элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменне” праз актыўную выставачную дзейнасць, арганізацыю навучання рамяству непасрэдна ад носьбітаў традыцыі да дзяцей, падлеткаў, моладзі і ўсіх жадаючых у гуртках, студыях, творчых майстэрнях і майстар-класах. На святах, фестывалях, выстаўках-кірмашах народнай творчасці будуць дэманстравацца лепшыя ўзоры саломапляцення. Уключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва беларускіх практык саломапляцення паспрыяе зберажэнню мясцовых рамесніцкіх традыцый, стварэнню выставачных калекцый, пошуку новых творчых здабыткаў шляхам міжнароднага супрацоўніцтва паміж творцамі.