Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.03.2023

У Іўі прайшоў абласны фестываль народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”

Творчасць – адна з самых вядомых форм стваральнай працы. Калі творчых іскраў шмат, то атрымліваецца сапраўдны творчы агонь. З надыходам вясны 2023 года, года міру і стварэння, калі надзеі любога чалавека зусім хутка стануць зялёнымі, Іўе шчыра вітае ўдзельнікаў абласнога фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны!”  Традыцыйна ён адбываецца 18 сакавіка ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Заўсёды сімвалічным з’яўляецца адкрыццё мерапрыемства: на экране - бусел ляціць над беларускімі прасторамі.  Шырока раскінуўшы крылы, ён быццам абдымае па-сяброўску і запрашае ў Іўе - горад - фестываль. Сустракаюць прадстаўнікоў з розных куткоў Гродзенскай вобласці народны вакальны ансамбль “Вакаліз” (мастацкі кіраўнік – Інна Шукава), дзіцячы танцавальны калектыў Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў” (мастацкі кіраўнік – Марына Шыдлоўская), вядучыя Сяргей Марцінкевіч і Вольга Аўдзевіч, а з першым прывітаннем да ганаровых гасцей звяртаюцца старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Аляксандравіч Хвасько, старшыня Іўеўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Анатолій Паўлавіч Букліс і загадчык сектара культуры Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Вацлаваўна Кішкель. Права адкрыць фестываль даецца начальніку ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алене Віктараўне Клімовіч.  Сярод вядомых людзей на фестывалі – намеснік начальніка упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сняжана Віктараўна Куратчык, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ірына Юр’еўна Жук-Куніцкая, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Васільеўна Хільмончык, старшыня камісіі па культурна-масавай рабоце і сувязям са сродкамі масавай інфармацыі Гродзенскай абласной арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” Людміла Іосіфаўна Лебедзь, загадчык аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Анастасія Юр'еўна Пекар, вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры Гродзенскага абласнога метадычны цэнтра народнай творчасці Ала Антонаўна Верабей. У асляпляльны паказ агнёў і фарбаў першым гледачоў акунае народны хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Калектыў мае свае добрыя творчыя традыцыі. Удзельнікаў хору яднае любоў да песні. Яны з’яўляюцца жаданымі гасцямі як у школах, на прадпрыемствах, так і на сцэне санаторыя “Радон”. Мастацкі кіраўнік хору і кіраўнік аркестравай групы - Таццяна Шостка. Для таго, каб хваля стала музыкай, мозг павінен быць падрыхтаваны. Ветэраны выхаваны на лепшых узорах народнай і патрыятычнай песні, і таму іх выступ бездакорны, душэўны.  Яскрава выглядае на сцэне народны хор ветэранаў вайны і працы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. У рэпертуары калектыву песні беларускіх і савецкіх кампазітараў, звязаныя з гераічным мінулым савецкага народа і творы мясцовых кампазітараў. Хор з’яўляецца актыўным удзельнікам раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Мастацкі кіраўнік – Ірына Асмольская.  І ў песні кожнай - глыбіня душы. Народны хор ветэранаў Смаргонскага раённага цэнтра культуры з’яўляецца адным з лепшых мастацкіх калектываў Смаргоншчыны, і сёння любоў да песні цесна аб’яднала ветэранаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада, для якіх яна з’яўляецца надзейным спадарожнікам у жыцці. Адметна, што рэпертуар хору складаецца як з твораў вядомых беларускіх, рускіх, так і самадзейных аўтараў. У 2021 годзе калектыў атрымаў Гран – пры II Міжнароднага фестывалю-конкурсу творчасці “Пирамиды ЗВЁЗД”. Кіраўнік калектыву – Аляксандр Лях.  Галасы такія цудоўныя, што здаецца, быццам яны ляцяць да зорак. На сцэне паказвае сябе народны хор ветэранаў “Землякі” Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мастацкі кіраўнік калектыву - Аляксандар Мацюк.  Зачароўвае энергетыка прыгажосці спеваў хора ветэранаў працы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Хор з’яўляецца стабільным калектывам, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Мастацкі кіраўнік - Вольга Аўдзевіч.  Можна бясконца слухаць вакальную групу ветэранаў “Крынічанька” тэрытарыяльнага цэнтра cацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Цёплы дом” г. Смаргонь. Яны надзея ўсіх мерапрыемстваў, усіх конкурсаў. Калектыў створаны ў 2012 годзе. Рэпертуар складаецца з народных і сучасных песняў шматлікіх аўтараў, ёсць і песні, створаныя ўдзельнікамі гурта.У мінулым годзе калектыў адзначый свой 10-гадовы юбілей. Мастацкі кіраўнік Васіль Карпец. Ветэраны–людзі, якія з’яўляюцца яскравым прыкладам для падрастаючага пакалення. Мы ганарымся іх гераічным ваенным і працоўным подзвігам, дзякуем за ціхае і спакойнае неба над краінай! Яднае маладых па духу людзей, будзіць узвышаныя пачуцці і дае надзею на новыя сустрэчы хор ветэранаў працы і Узброеных Сіл Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Калектыў прымае ўдзел у многіх мерапрыемствах клубнай установы, вядзе актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць. Удзельнікі калектыва аптымістычныя і ўлюблёныя ў песню людзі, гатовыя падзяліцца сваім жыццёвым аптымізмам. Мастацкі кіраўнік - Генадзь Паноў.  Хор - гэта ўзор сцэнічнай культуры, прыклад патрыятызму для падрастаючага пакалення. Добразычліва вітаюць у глядальнай зале маладых па духу, аптымістычных, творчых і заўсёды бадзёрых удзельнікаў народнага хору ветэранаў працы Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мастацкі кіраўнік і акампаніятар Васіль Карпец.  У кожнага з нас ёсць сваё “даўным-даўно”. Творчыя выступленні працягвае народная вакальная група ветэранаў працы аддзела культуры і дасуга “Мірскі гарадскі Дом культуры” Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мастацкі кіраўнік - Вольга Ведзянеева. Харавы калектыў ветэранаў працы пачаў сваю дзейнасць ў 1987 годзе. У 1995 годзе ён атрымаў найменне “народны”. Пазней хор перайменаваны ў народную вакальную групу ветэранаў працы. Сёння калектыў з’яўляецца ўдзельнікам абласных, раённых і рэгіянальных мерапрыемстваў. Льецца песня – цудоўная муза душы. Ансамбль ветэранаў працы “Радасць” Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці” працягвае святочную праграму. Іх аптымізму могуць пазайдросціць нават маладыя. У мінулым годзе калектыў адзначыў свой 20-гадовы юбілей. Мастацкі кіраўнік народнага хору - Святлана Галушкова.  Эмоцыі такія заразлівыя! У зале пануе прыўзняты настрой, бо свае песні выконвае народны хор ветэранаў “Крыштальныя крыніцы” Бярозаўскага гарадскога Дома культуры Лідскага раёна, які быў створаны ў 1983 годзе да 100-гадовага юбілею шклозавода “Неман”. За час працы хор неаднаразова станавіўся дыпламантам і лаўрэатам шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У 2000-м годзе калектыву прысвоена ганаровае найменне “народны аматарскі калектыў”. Хор – гэта другое жыццё ўдзельнікаў, і кожны новы твор, новае канцэртнае выступленне доўжаць жыццё, дараць малады настрой. Мастацкі кіраўнік - Раіса Хайдарава. Завяршае фестываль народны хор ветэранаў “Майскія зоры” палаца культуры г. Ліда. Дзейнасць калектыву спрыяе развіццю нацыянальных традыцый, патрыятычнаму выхаванню. Калектыў і яго салісты - неаднаразовыя лаўрэаты Рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны” і Рэспубліканскага вакальнага конкурсу сярод ветэранаў “Песни Победы” у г. Мінску. Мастацкі кіраўнік – Ніна Іванова.  Удзельнікі абласнога фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны!” атрымалі свае ўзнагароды, у тым ліку спецыяльныя падарункі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Гродзенскай абласной арганізаці Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.  Дзіўная розніца або ашаламляльнае падабенства? Аб гэтым меркаваць толькі гледачу, слухачу. Галоўнае - няхай будзе чым больш гадоў, тым больш шчасця! Фінальная песня “Мы- беларусы!” у выкананні вакальнага ансамбля Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу аб’ядноўвае усіх! Ірына Халява. Фота С. Зянкевіча. Больше фото