19.04.2021
Свята народнай творчасці “Повязь часоў”
18 красавіка 2021 года у аграгарадку Дайліды, на пляцоўцы ля ўстановы культуры, адбылося свята народнай творчасці "Повязь часоў". Урачыста і пранікнёна распачалося свята музычнай кампазіцыяй “Сёння ў нашай хаце свята”.
Госці свята змаглі дакрануцца да вытокаў традыцыйных народных рамёстваў, якія з'яўляюцца вечна жывой душою народа, яго багатым назапашаным стагоддзямі практычным вопытам.
На свяце можна было ўбачыць дэфіле ў стылізаваных народных касцюмах з элементамі саломкі, паўдзельнічаць ў майстар-класах па традыцыйных відах рамёстваў: саломапляценні, ткацтве. Канцэртныя выступленні ансамбля народнай музыкі "Вечарынка" аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Геранёны і творчага калектыву аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Суботнікі садзейнічалі добраму настрою гледачоў. Спадабалася і сюжэтна-гульнёвая праграма "Вясновыя забавы" сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Морына. Падчас свята адбылася прэзентацыя новага сувеніра - сімвала Геранёнскай гасціннасці.
На працягу свята працавалі: выстаўка народнай творчасці, выстаўка - продаж сувенірнай прадукцыі, бяспройгрышная латарэя, музейная экспазіцыя "Саламяная казка" ; майстар - клас па танцах побыту "Танцуем па-даўнейшаму", а таксама анімацыйная пляцоўка з казачнымі героямі Машай і Мядзведзем.