13.02.2020
Рыцары ў Іўі або сустрэча з цікавым чалавекам (да Года малой радзімы)
11 лютага па ініцыятыве Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі ў сценах Іўеўскага музея нацыянальных культур адбылося сапраўднае свята гісторыі, культуры і мовы. Да нас завіталі цікавыя і таленавітыя госці з Мінску. Юры Усціновіч – шматгранная асоба – і гісторык, і паэт, і сцэнарыст, і драматург, адзін з родапачынальнікаў руху гістарычнай рэканструкцыі. Спадар Андрэй – добры сябар Юрыя. А аб’ядноўвае нашых гасцей улюбёнасць у родную беларускую мову і гісторыю сваёй краіны.
Вельмі насычаная праграма чакала вучняў 10-ых класаў Іўеўскай гімназіі. На мілагучнай беларускай мове госці расказалі дзецям пра слаўную ваенную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю слухалі пра ўзбраенне беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XIV — пачатку XVI ст. Асаблівая ўвага была звернута на ролю татар у ваеннай справе таго часу. Стваральнікам татарскіх паселішчаў на гэтых месцах традыцыйна лічаць вялікага князя Вітаўта. Воіны татарскага хана Джэлял-эд-Дзіна самааддана змагаліся з аб’яднанай арміяй крыжакоў у 1410 годзе ў бітве пад Грунвальдам. Наўрад ці думаў вялікі хан, што яго адчайныя коннікі, вельмі дапамогшыя Вітаўту ў бітве з крыжакамі пад Грунвальдам, атрымаюць ад князя зямлю, дазвол браць у жонкі ліцвінак, роўныя з астатнімі жыхарамі Княства правы і хоць страцяць сваю мову (на сённяшні дзень), але захаваюць знешняе аблічча, веру, традыцыі.
Нашы чытачы мелі магчымасць убачыць сабраную калекцыю даспехаў і халоднай зброі на рыцара ВКЛ розных часовых эпох.
Іўеўская дзіцячая бібліятэка атрымала ў падарунак кнігу-казку “Майстра Рукша” з подпісам аўтара – Юрыя Усціновіча.
Супрацоўнікамі Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі была падрыхтавана тэматычная кніжная выстава “Гісторыя войска ВКЛ”.