12.07.2021
Куды б мяне ні прывяла дарога, я ўспамінаю Радзіму сваю… У г. п. Юрацішкі праходзіць брэндавае свята "У госці да Юраты"
У Юрацішках у 16.00 пачаўся традыцыйны фэст, рэгіянальнае свята “У госці да Юраты”. Сёлета ён прысвечаны Году народнага адзінства. І пагаварыць вырашылі пра такія адметныя цудоўныя якасці нашага народа, як гасціннасць, уменне чалавека прывеціць, пачаставаць з дарогі, пасадзіць на покуце, як шаноўнага і дарагога госця.
А распачалі свята, а потым і вялі яго легендарныя Юрата і Кастусь. Калі не ведаеце, гэта імёны з паданняў аб паходжанні Юрацішак. Багіня мора прыгажуня Юрата і просты селянін Кастусь, каханне якіх выклікала гнеў багоў. У сваю чаргу яны асушылі мора ў гэтым месцы, разбурылі цудоўны палац Юраты, а каханыя загінулі.
І вось. Бач ты, мора тут няма, возера таксама, нават рачулкі якой-ніякой. Аднак назва балтскага паходжання. “Юра” у перакладзе з літоўскага – мора. Таму і Юрацішкі перакладаюцца, як Марское.
Дык вось, у Марскім свята.
Яго распачаў старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Кірылавіч Казановіч. А абрамлялі прыгожа і таленавіта артысты мясцовыя і самыя таленавітыя асобы з культурных устаноў суседніх аграгарадкоў.
Старшыня сельвыканкама павіншаваў прысутных са святам, выказаў задавальненне і радасць ал таго, што яно адбываецца, падзякаваў людзей пасёлка і рэгіёну за добрасумленную працу.
А затым традыцыйна ўзнагароды атрымалі лепшыя прадстаўнікі арганізацый і устаноў, тыя, хто не толькі добра працуе, але і прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гарадскога пасёлка.
На такіх святах добрыя словы і цудоўныя песні знаходзяцца для кожнага. Вось і Юрата з Кастусём успомнілі і самых пажылых жыхароў пасёлка, і самых маленькіх, якія нарадзіліся ў гэтым годзе.
А паколькі гутарка ішла пра гасціннасць, то быў і адпаведны конкурс на лепшую гаспадыню, у якім прынялі ўдзел маладыя жанчыны з аграгарадкоў Лаздуны, Геранёны, Ліпнішкі, Суботнікі, Юрацішкі.
Зрабіць свята яшчэ прыгажэйшым, яшчэ гучнейшым дапамагаюць салісты Юрацішкаўскага аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы і артысты народных ансамблей народнай песні “Спадчына” і “Юрацішкаўскі кірмаш”.
Працуюць дзіцячыя гульнёвыя атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы-продажы работ народных майстроў.
В. ГУЛІДАВА.
Фота аўтара.
IК