30.08.2022
Бульбяны баль “Другі хлеб беларусаў”
У Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” – бульбяны баль “Другі хлеб беларусаў”. Падчас сустрэчы размова вялася пра вельмі карысную і важную расліну для кожнага беларуса – пра бульбу.
Вядучыя расказалі, які гістарычны шлях прайшла бульба з таго часу, як у 1532 годзе з ёй пазнаёміліся іспанскія канкістадоры, калі шукалі на тэрыторыі Перу золата, да сённяшняга дня.
Бульбу вырошчваюць ва ўсім свеце. Яна адна з вядучых сельскагаспадарчых культур. Бульба з’яўляецца незамянімым прадуктам харчавання, шырока выкарыстоўваецца як корм жывёле і як сыр’ё харчовай прамысловасці, а таксама з’яўляецца лекавай раслінай.
Падчас мерапрыемства гучалі песні і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя беларускай бульбе. Да бульбянога балю намаганнямі бібліятэкараў і ўдзельнікаў аб’яднання быў накрыты святочны стол, на якім цэнтральнае месца займала каралева-бульба, а вакол ̶ розныя стравы з яе. Прысутныя з задавальненнем частаваліся і дзяліліся сваімі рэцэптамі прыгатавання страў з бульбы, а самыя актыўныя ̶ прынялі ўдзел у гульнях: “Бульба” і “Гарачыя гаршчочкі”.
Да мерапрыемства была арганізавана выстаўка-экспазіцыя “Стравы з бульбы ў сусветнай літаратуры”, на якой прадстаўлены мастацкія творы беларускіх і замежных аўтараў, у якіх героі прапануюць рэцэпты страў з бульбы. Госці адзначылі, што мерапрыемства атрымалася цікавае і карыснае.