Памяти Ивьевских евреев
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З'яднаныя ў адзіную сям'ю…
І суджана яшчэ адно было нам –
Пакінуць з песняй гэтую зямлю!
Ізі Харык
Да 1941 года ў Іўі пражывала 2076 яўрэяў. Пад акупацыяй пасёлак знаходзіўся 3 гады: з 29 чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года. Адразу пасля захопу мястэчка ў рамках праграмы знішчэння яўрэяў, немцы сталі безчалавечна здзеквацца над імі – прымушалі рукамі чысціць вулічнае смецце, бязмэтава перацягваць цяжкія камяні, насіць па 30 кубаметраў дроў у дзень з лесу.
Першая акцыя па знішчэнню яўрэяў была праведзена 2 жніўня 1941 года. Немцы з дапамогай паліцаяў сабралі яўрэяў-мужчын, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі ( настаўнікаў, бухгалтараў, кваліфікаваных спецыялістаў, рахункаводаў) ва ўзросце 20-60 гадоў, усяго 220 чалавек, якіх вывезлі у напрамку вёскі Стоневічы у 2 км ад Іўя і расстралялі. Астатнюю частку яўрэяў сагналі ў гета, у якое да мая 1942 года перасялілі каля 3000 чалавек – усё яўрэйскае насельніцтва Іўеўскага раёна. За калючым дротам людзі цярпелі здзекі і насілле. Без пропуску забаранялася пакідаць гета. Быў выпадак, калі дзяўчыну, якая спрабавала выйсці з гета, адразу расстралялі разам з сям’ёй з 6 чалавек. Вельмі нямногім удавалася адкупіцца ці знайсці прытулак у мясцовых жыхароў, а потым стаць партызанамі.
Іўеўскае гета большай часткай было знішчана 12 мая 1942 года. Для арганізацыі і выканання гэтага забойства з Ліды быў вызваны атрад гестапа. Пад відам праверкі паспартнага рэжыму вязняў гета сабралі на рыначнай плошчы. Перад імі выступіў нямецкі афіцэр, які паведаміў, што ўсе будуць пакараны за нейкі “крадзеж зброі”. Пасля гэтага яўрэяў сталі выводзіць групамі на вуліцу каля касцёла, дзе іх раздзялялі на дзве групы. Працаздольных аддзялілі, а астатніх пагналі ў лес пад Стоневічы, дзе іх чакалі выкапаныя магілы. Забівалі групамі, па 10-15 чалавек, дзяцей кідалі ў яму жывымі. Магілы засыпалі хлорнай вапнай. Усяго ў гэты дзень было забіта 2304 чалавекі.
Па дадзеных раённай камісіі па садзейнічанню НДК у Іўі і Іўеўскім раёне загінула 2621 чалавек. Пры ўскрыцці магілы ў Стоневічах ( акт ад 3 красавіка 1945 года) было знойдзена 2524 целы яўрэяў, сярод якіх целы дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 месяцаў.
Вядомы прозвішчы некаторых арганізатараў і выканаўцаў масавага забойства іўеўскіх яўрэяў. Гэта афіцэры гестапа лейтэнанты Адольф Вернер і Ганс Віндзіш, начальнік паліцыі Іўя оберлейтэнант Альберт Шобер, унтэр-афіцэр Кароль Фокц, яфрэйтар Бунек, радавыя Бляхнік, Герман і Беер.
Яўрэяў, якія не былі расстраляны, вярнулі ў гета і выкарыстоўвалі на прымусовых работах. Знаходзіліся людзі з блізляжачых вёсак, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэйскія сем’і, хавалі іх у сябе дома даволі працяглы час.
У Іўеўскім раёне 4 сям’і былі ўдастоены ганаровага звання “Праведнік народаў свету” ад ізраільскага мемарыяльнага інстытута “Яд Вашэм” “ у знак найвялікшай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой міравой вайны”. Гэта Марыя Станіславаўна Ціхон з в. Ліпнішкі, Станіслаў і Таіса Пазняк і іх дачка Яніна Ліхарад з г. Іўе, Аляксандра і Аляксандр Побаль і іх сын Уладзімір з в. Мікалаева, Вольга Конан і яе сыны Павел і Яўген з в. Дзяманты.
Ёсць розныя меркаванні, калі перастала існаваць Іўеўскае гета. Па адных звестках – да канца снежня 1942 года, па другіх – да 17 студзеня 1943 года. Места гібелі апошніх яўрэяў, якія заставаліся ў гета, дакладна невядома. Адны сведкі паведамляюць, што вязняў вывезлі на машынах на чыгуначную станцыю Гаўя, адкуль адправілі у невядомым напрамку. Другія свярджаюць, што яўрэяў накіравалі ў Барысаў, трэція – у Маладзечна, чацвёртыя – у Ліду і аддуль у лагер смерці Майданэк у Польшчу.
Па ўспамінах Маісея Кагановіча, былога вязня гета, партызана атрада Аляксандра Неўскага, усіх яўрэяў 31 снежня 1942 года адправілі ў Барысаў для работы на торфазаводе “Белае Балота”, дзе яны потым і былі расстраляны.
У 1957 годзе на магіле вязняў гета, забітых 12 мая 1942 года, была пастаўлена стэла. А ў 1987 годзе быў створаны мемарыяльны комплекс, які складаецца з дзвюх магіл і сцяны плачу.
У 1994 годзе балерына, харэограф, рэжысёр, жыхарка горада Нью-Йорк Тамар Рогаф, продкі якой пражывалі ў Іўі і 29 сваякоў знайшлі апошні прытулак у лесе ля Стоневіч, вырашыла паставіць незвычайны спектакль і прысвяціць яго памяці ўсіх іўеўскіх яўрэяў, загінуўшых у 1941-1942 гадах. Спектакль меў назву “Іўеўскі праект. Міжнароднае тэатральна-харэаграфічнае прадстаўленне ў лесе горада Іўе з артыстамі з Беларусі, Эстоніі, Літвы. ЗША”. Фінансавую дапамогу праекту аказалі прэстыжныя фонды ЗША, маральную і арганізацыйную – жыхары Іўя і Ліды.
Спектакль-рэквіем стаў святам яўрэйскай культуры, яго ведаюць у многіх краінах.
Штогод 12 мая у Стоневічы прыязджаюць грамадзяне Ізраіля, ЗША і іншых краін, каб ушанаваць памяць загінуўшых у Вялікай Аычыннай вайне.