Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Як у Ліпнішках свята сенакосу адзначалі

17.06.2024
Як у Ліпнішках свята сенакосу адзначалі
"Каса любіць брусок і сала кусок", - кажа беларуская народная прыказка.  Штогод у нашым раёне ладзіцца брэндавае свята "Ліпнішкаўскія сенакосы". Менавіта падчас яго можна даведацца, хто атрымае тытул “Касец года”. Таму з усяго раёна сюды з’ехаліся самыя спрактыкаваныя касцы і, вядома, у кожнага свая група падтрымкі. 
       
 — Наступіў чэрвень — гарачая пара сенакосу, — адкрыла свята старшыня Ліпнішкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Яніна Бузар. — Паўсюль па краіне ідзе масавая нарыхтоўка сена. Мы бачым, што сёння на лугах у асноўным працуе тэхніка. Але старэйшае пакаленне добра памятае час, калі на масавую касьбу выходзілі ўсёй вёскай. Мужчыны касілі траву, жанчыны з дзецьмі сушылі яе. Гэта было прыгожае свята. І мы збіраемся тут, у адным са старэйшых населеных пунктаў Іўеўшчыны, дзе заўсёды жылі працавітыя людзі, каб нагадаць, як праходзілі сенакосы, што ўмелі нашы дзяды, і, вядома, весела правесці час. 
      
 Восем касцоў, сярод якіх адна жанчына, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў  ручным сенакашэнні. Аднак – гэта паўсправы, таму што па ўмовах конкурсу яшчэ ёсць шэраг этапаў, дзе трэба прадэманстраваць свае і творчыя, і кулінарныя здольнасці. Атрымаўся такі своеасаблівы канцэрт з дзесяці нумароў, калі кожны касец выйшаў на сцэну з “Візітнай карткай”. Гэта было весела, цікава і з гумарам. Далей журы ацэньвала самае арыгінальнае афармленне касы. Тут, патрэбна сказаць, фантазіі ўдзельнікаў можна было пазайздросціць, таму што косы прэтэндавалі на  сапраўдны твор мастацтва. Чым толькі ні ўпрыгожылі сельскагаспадарчы інструмент гаспадары?! І кветкамі лугавымі, і паперай бліскучай…  
         
І яшчэ адзін творчы конкурс патрэбна было выканаць нашым удзельнікам: хатняе заданне – зрабіць Берагіню-Пакосніцу–  старадаўнюю ляльку з лапікаў. "Пакосніцу" са старажытных часоў рабілі ў чэрвені з самых розных матэрыялаў і бралі з сабой на сенакос. Яе садзілі пад стогам, каб яна засцерагала касцоў ад парэзаў і прыносіла поспех. 

Але самае галоўнае для ўдзельнікаў конкурсу - паказаць свае ўменні на лузе. Неабходна будзе скасіць траву на плошчы каля адной соткі. Ацэньвалі не толькі хуткасць працы, але і яе якасць, вышыню пакосу.  Спаборніцтвы праходзілі ў сярэдзіне дня, пагэтаму народная мудрасць “касі каса – пакуль раса”  тут не працавала.  Плячом да пляча на дыстанцыі ідуць моладзь і старэйшыя ўдзельнікі. Адразу і не скажаш, каму лягчэй.   
      
Трэці этап спаборніцтваў пад назвай "Абед на траве" - самы прыемны. Сала, каўбаса, кумпяк, дранікі і бліны, агуркі з мёдам - выбраць пераможцу было не проста. 
      
У  выніку: пераможцам конкурса па ручному сенкашэнню стаў  Мікалай Сакалоўскі, Ліпнішкаўскі   сельсавет.  У намінацыі “Захоўваючы народный традыцыі” перамог Аляксандр Буляк, Бакштаўскі сельсавет. Валерый Якубель КСУП “Трабы” быў адзначаны як самы малады касец.   за лепшае афармленне касы  быў узнагароджаны Леанід Заброцкі з Лаздунскага сельсавета.  Самыя якасныя пракосы аказаліся ў  Івана Закірава з КСУ “Баума”. Лепшая група падтрымкі  была прызнана ў Дзмітрыя Банэля з КСУП “Суботнікі”. У намінацыі “Лепшая жанчына-касец”  была ўзнагароджана Юлія Бадрунова з КСУП «Баўма». За лепшае дэфіле касцюма пакасніцы была ўзнагароджана каманда Івана Бутрым, Лелюкінскі сельсавет.      
      
 Свята на тое яно і свята, каб набрацца эмоцый і ўражанняў. На “Ліпнішкаўскіх сенакосах” іх было праз край. 
© Ивьевский районный исполнительный комитет, 2024.