Лета – час карыснага адпачынку
12.08.2024
Летнія канікулы пралятаюць хутка. Не паспелі азірнуцца, а ўжо да новага навучальнага года засталіся лічаныя тыдні. І пакуль адны школьнікі “барозняць” прасторы інтэрнэту, адпачываюць дома, на дачы ці на моры, іншыя вырашылі правесці канікулы з карысцю і зарабіць грошы на асабістыя патрэбы. Служба занятасці цэлы год забяспечвае працай школьнікаў і студэнтаў у вольны ад вучобы час.
Падлеткі займаюцца рамонтнымі работамі ў школьных класах і навучальных аўдыторыях, добраўпарадкаваннем навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, пашывам швейных вырабаў, рэстаўрацыяй кніжнага фонду бібліятэк і іншымі даступнымі відамі работ.
Адна з пляцовак для часовай працоўнай занятасці школьнікаў у нашым раёне ̶ бібліятэка.
Дзяржаўная ўстанова культуры “Іўеўская раённая бібліятэка” арганізавала працу юнакоў і дзяўчат падчас летніх канікул у раённай бібліятэцы і ў бібліятэцы-філіяле аг. Суботнікі.
Агульная колькасць працаўладкаванай моладзі ̶ 19 чалавек. Час правядзення работ ̶ з трэцяга па адзінаццатага жніўня 2022 года. Падлеткі паступаюць на працу падсобнымі рабочымі (па рамонту кніг) і, па сутнасці, становяцца памочнікамі бібліятэкара на гэты перыяд. Яны займаюцца рамонтам кніжнага фонду (падклейваннем вырваных старонак, лісткоў звароту і кніжных вокладак), афармленнем тэматычных папак (“Пясняр куточка запаветнага”, “Анамастыка і тапаніміка Іўеўшчыны” і іншых) і тэматычных паліц (“Залатыя кросны душы”, “Паэтычная споведзь сумлення” і г.д.), брашуроўкай часопісаў і газет і іншымі відамі дзейнасці.
Колькасць юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць працаўладкавацца падчас летніх канікул, павялічваецца з году ў год. Праца для іх – гэта не толькі магчымасць зарабіць нядрэнныя грошы, але і шанс праявіць свае творчыя здольнасці, атрымаць практычны вопыт па той ці іншай спецыяльнасці, завесці новыя знаёмствы і навучыцца працаваць у камандзе.