Івейскія рабінзоны
26.06.2024
Іўеўшчына – цудоўны зялёна-блакітны куток Гродзеншчыны. Іўеўчане любяць сваю зямлю, ганарацца жывапіснымі краявідамі, чыстымі азёрамі і рэкамі, запаведнымі лясамі, багатымі жывёлай і птушкай, рэдкімі раслінамі.
Прыроднаму хараству роднага краю было прысвечана эколага-краязнаўчае падарожжа “Івейскія рабінзоны”, якое правялі супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі для наведвальнікаў прышкольных аздараўленчых лагераў “Улыбки детства” и “Радужный экспресс”.
Каб адправіцца ў падарожжа, неабходна было добра падрыхтавацца да яго. Таму юныя “рабінзоны” прынялі актыўны ўдзел ў конкурсе “Збяры заплечнік” і паспяхова сабралі ўсе рэчы, якія могуць спатрэбіцца турыстам у паходзе.
На станцыі “Зялёная” вандроўнікі атрымалі шмат новых ведаў пра лясныя ўгоддзі Іўеўскага раёна, пазнаёміліся з мясцовымі лекавымі раслінамі і ляснымі жывёламі. Наступная станцыя – “Балотная” – пазнаёміла “рабінзонаў” з балотнымі масівамі, якія знаходзяцца ў раёне. На прыпынку “Блакітная” дзеці даведаліся пра рэкі і азёры малой радзімы і з задавальненнем прынялі удзел у вясёлым флэшмобе “Рыбка”.
Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава “Я з кнігай адкрываю свет прыроды” з літаратурай пра прыроду Беларусі і асобнымі раздзеламі, вылучанымі для наведвальнікаў кожнай станцыі (напрыклад, на станцыі “Балотная” былі прадстаўлены кнігі пра балоты і г.д.).
Завочнае падарожжа па роднай зямлі падаравала вандроўнікам шмат станоўчых ўражанняў і новых адкрыццяў.