Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

ФЭСТ “ЖАМЧУЖНАЯ ЗОРКА-ПАЛАЦ УМЯСТОЎСКІХ”

28.05.2024
ФЭСТ “ЖАМЧУЖНАЯ ЗОРКА-ПАЛАЦ УМЯСТОЎСКІХ”
Штогод у канцы мая аграгарадок Жамыслаўль   сустракае незывычайных гасцей – княгіню Еву са світай, княгіню Барбару Радзівіл – жонку ваяводы Станіслава Гаштольда з мураваных Геранён, князя Трабуса – заснавальніка зямель трабскіх, Юрату – заснавальніцу пасёлка Юрацішкі, Казіміру Галынскую, удаву графа Іпаліта Оскаравіча Мілеўскага – уладальніка маёнтка Лаздуны з сёстрамі Рабэртай і Беатай. Яны з’язджаюцца на фэст у госці да графа Умястоўскага і яго жонкі Яніны на фэст   “Жамчужная зорка-палац Умястоўскіх”. Гэта брэндавае мерапрыемства ладзіцца тут ужо сёмы год і кожны раз не перастае здзіўляць сваім непаўторным каларытам.  І палац, і тэрыторыя навокал напаўняюцца асаблівым водарам, фарбамі і мелодыямі. Так і хочацца тут жа навучыцца танчыць паланэз і прайсці з ганарлівым кавалерам арыстакратычнай паходкай пару кругоў… 
     
Палац Умястоўскіх – паменшаная копія Лазенкаўскага палаца ў Варшаве, архітэктарам гэтага праекта з’яўляецца Марконі. Палацы падобныя як па знешняму выгляду, так і па ўнутранаму ўбранству. А вось памятнік прыроды Рэспублікі Беларусь ясень пенсільванскі, магчыма, быў пасаджаны тут ў тыя часы, калі сядзіба была аддадзена Умястоўскім пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.  І сёння гэта незвычайнае дрэва прыцягвае да сябе не толькі знаўцаў, але звычайных турыстаў сваёй велічнасцю і прыгажосцю. Здаецца, што з яго дапамогай магчыма перадаць прывітанне  мінуўшчыне і нашым продкам. 
   
Вяртаемся ў сучаснасць. Вітае гасцей свята старшыня Субботніцкага сельвыканкама Уладзімір Трафімчык.  
    
Затым наваколле напаўняецца знаёмымі песнямі і мелодыямі. Гэта мясцовыя артысты падрыхтавалі прыгожую імпрэзу – ушанаванне родным мясцінам, роднаму краю.  Яна дапамаглі гледачам  здзейсніць літаратурна-музычнае падарожжа па цудоўнай беларускай зямлі, краю нашых продкаў, па Жамыслаўлю. Прыемна было чуць, як прыгожа гучыць роднае слова,   радасць напаўняла сэрца ад таго, што мы аддаём даніну павагі нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – стваральнікам прыгожай сядзібы палаца Умястоўскіх – і разам з тым робім крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце твар.           
      
Першая частка мерапрыемства завяршылася выкананнем “Жамыслаўльскага вальса”. Песня з’яўляецца своеасаблівым гімнам Жамыслаўлю. Аўтарам яе стаў наш зямляк Алег Ігліцкі, жыхар в. Морына, які ў свой час працаваў настаўнікам у мясцовай школе.
     
Вядучыя мерапрыемства пазнаёмілі гасцей з гісторыяй каталіцкага касцёла святога Уладзіслава, які ў 2024 годзе адзначае 120 год з часу заснавання.   Ён ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У 1545 годзе ў мястэчку Суботнікі была створана каталіцкая абшчына і узведзены касцёл Святога Юрыя. Касцёл быў пабудаваны з сасновага дрэва, на цэментавай аснове. Затым ў 1904 годзе быў узведзены новы касцёл Святога Уладзіслава Венгерскага. Гэта была асноўная мара Графа Умястоўскага. 
      
 Будоўлю новага Суботніцкага касцёла пачалі пры дапамозе мясцовага насельніцтва. Прыхажан было каля 6000, але калі трэба было звозіць камяні на фундамент з навакольных палёў, жадаючых знайшлося няшмат. Цагельня ў Жамыслаўлі не магла выпрацоўваць цэглу неабходна дастаткова,  таму граф Уладзіслаў вырашыў купіць у Францыі машыны для вырабу цэглы і чарапіцы, якую называлі „марсэлькамі", і іх пачалі рабіць у Дабраўлянах. Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія часта прыязджалі на месца будоўлі, цікавіліся яе развіццём. Пры будоўлі шмат было клопатау і цяжкасцей з боку ўлады і зайздросных людзей. Аднак Граф Уладзіслаў, не звяртаючы ні на што ўвагі, працягваў працы, якія былі скончаны ў 1904 годзе. У тым самым годзе касцёл быу пасвенчаны.   Вялікую каштоўнасць уяўляе магільны склеп графаў Умястоўскіх у крыпце касцёла, дзе пахаваны і будаўнік храма — Уладзіслаў Умястоўскі.  
     
Фэст прадоўжыўся выступленнем  народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лаздуны 1, танцавальнай праграмай аматарскага аб’яднання Дзятлаўскага цэнтра культуры “ЭлітДанс”, канцэртам народнага вакальнага ансамбля “ Мельніца” г. Ашмяны і  канцэртам “Девушка с аккардеоном” Кацярыны Леўдаровіч. Жадаючыя маглі  наведаць атракцыёны ,гандлёвыя палаткі, выставы “ З гісторыі фэста”,  народнай творчасці, выставу– продаж сувенірнай прадукцыі, бяспройгрышную латарэю.  
    
Не абышлося ў гэты дзень без фірменнай стравы – духмянай юшкі.      
    
Завяршылася мерапрыемства святочным фаер-шоу і фейерверкам.

 
© Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.