У дваццаць першы раз парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ладзіць традыцыйны фестываль калядных спеваў. Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да сталага фестывалю, мерапрыемства штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія выконваюць калядныя песні, чытаюць вершы, танчаць і ставяць калядныя сцэнкі.
За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі з іўеўшчыны, але з іншых парафій Беларусі і замежжа. У якасці ганаровых гасцей на фестывалі прысутнічалі каталіцкія іерархі Беларусі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай ўлады, з якімі ў цеснай супольнай працы штогод нараджаецца прыгожы фестываль.
Традыцыйна распачаўся фестывальны дзень святой імшой, і прадоўжыўся святочнай сустрэчай у Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу. "Слава ў вышніх Богу" - гэта гімн і сэнс сямейнага свята. І не толькі каталіцкага: тут з радаснай усмешкай сустракаюць кожнага, чыё сэрца адчынена Богу і творчасці.
Фестываль такі дарослы, што некаторыя з удзельнікаў сёння - дзеці самых першых канкурсантаў. Гэта ўражвае і дае надзею на доўгае жыццё духоўнага свята.
Падзяліліся сваім талентам не толькі католікі з парафій Іўеўскага раёна. На дваццаць першы фестываль завіталі таксама госці з Мінска і Шчучына.
Рыта Рэй.
Фота Станіслава Зянкевіча і Рамана Ярмоша.