21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
У краіну беларускай мовы адправіліся вучні 4 класа Іўеўскай сярэдняй школы падчас пазнавальнага калейдаскопа, які прайшоў 18 лютага ў раённай бібліятэцы.
У імправізаваным падарожжы дзяцей суправаджаў Несцерка – вядомы персанаж шматлікіх беларускіх народных казак і аднайменнай п’есы В.Вольскага.
Падчас вандроўкі па краіне роднай мовы дзеці пазнаёміліся з матэрыяламі выставы “Усё пачынаецца з роднага слова”, з задавальненнем адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў конкурсе скорагаворак, чыталі вершы і казкі на беларускай мове, а таксама пашырылі сваё веданне прыказак і прымавак.
Падарожжа атрымалася вельмі цікавым і захапляльным. Кожны вучань зразумеў, што неабходна любіць і шанаваць родную мову.