Паважаныя чытачы, паведамляем вам, што дзяржаўная ўстанова культуры “Іўеўская раённая бібліятэка” атрымала чарговы каштоўны падарунак ад нашага земляка, беларускага паэта Івана Арсеньевіча Карэнды – 12 экзэмпляраў новай кнігі лірыкі “Пад зорным небам верасня”.
У зборнік, які пабачыў свет у 2020 годзе, увайшлі вершы, якія друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, паэмы “Вочап” і “Бярозавік”, а таксама новыя паэтычныя творы, напісаныя ў апошнія гады.
Кніга “Пад зорным небам верасня” – філасофска-лірычны роздум паэта над таямніцамі Сусвету і пошукам чалавека свайго месца на зямлі, прасякнуты невычэрпнай любоўю да Радзімы, да свайго народа.
З новым выданнем можна будзе пазнаёміцца ва ўсіх публічных бібліятэках Іўеўскага раёна.