Мы працягваем наша падарожжа па радзіме з дапамогай рознакаляровых фарбаў у межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!”. 20 кастрычніка ўдзельнікі праекта, вучні 6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы, супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі сумесна з загадчыкам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, адправіліся на ўрок “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду”, які быў прысвечаны жоўтаму колеру.
Бібліятэкары разам з вучнямі паспрабавалі падняцца на невялічкую прыступку ў вывучэнні спадчыны нашых продкаў, якія жылі на гэтай зямлі, працавалі, стваралі матэрыяльныя каштоўнасці, развівалі і ўзбагачалі нашу культуру, шанавалі звычаі і традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў.
Беларусы славяцца працавітасцю, таму наш народ склаў шмат прыказак і прымавак пра сваю працу, пра хлеб. Дзеці з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гульні “Складзі прыказку”, чыталі ўрыўкі з паэмы Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”.
Бібліятэкары паспрабавалі данесці дзецям, які сімвалічны сэнс тоіцца за звыклымі рэчамі. “Малюючы жоўты колер”, вядучыя звярнулі асабістую ўвагу прысутных на салому: зерне і салома – дар прыроды, старажытны сімвал урадлівасці. З цягам часу зарадзіўся народны мастацкі промысел − саломапляценне. Мастацкія творы саломапляцення паэтычна называюць “беларускім золатам”.
У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Сучасныя майстры саломапляцення ствараюць высокамастацкія сувеніры, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітнай карткай Іўеўшчыны.
Ірына Рэгінальдаўна Смірнова (загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу) пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з дзейнасцю майстроў Іўеўшчыны па саломапляценню як нематэрыяльным праяўленні творчасці чалавека “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А затым правяла майстар-клас “Золата саломкі”.
Завяршыўся ўрок аглядам літаратуры з выставы “Цеплыня душы ў звычайных рэчах”. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў, якія прадстаўлены на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную.