Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.11.2025

Іўе. Бяспека з вяскоўцамі

Жыхары Эйгердаўскага сельсавета пагутарылі з ратавальнікамі, абмеркавалі небяспеку пажараў і шляхі іх прадухілення. Трагічная статыстыка, пра якую расказаў інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Іўеўскага раённага аддзела МНС Аляксандр Дагіль, прымусіла задумацца прысутных аб тым, як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх. 
Прадстаўнік службы "101" адзначыў, што з пачатку года на тэрыторыі Іўеўшчыны адбылося 18 пажараў, якія забралі жыцці двух чалавек. У сваім выступленні Аляксандр Дагіль падкрэсліў, што адной з распаўсюджаных прычын вогненных здарэнняў па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
 - Калі вы не можаце адмовіцца ад цыгарэт, паліце дома бяспечна! Ні ў якім разе не кідайце непагашаныя цыгарэты на падлогу, не паліце ў ложку. Недакуркі варта тушыць і выкідваць у попельніцу ці металічны слоік, пажадана напоўненую вадой. Гэты савет - прамая рэкамендацыя па зніжэнні рызык пажараў, якія нярэдка ўзнікаюць менавіта па гэтай прычыне, - падкрэсліў інспектар.
 Прадстаўнік пракуратуры абмеркаваў з вяскоўцамі пытанне кіберзлачыннасці і як не трапіцца на хітрыкі ашуканцаў. 
Начальнік Іўеўскай раённага дзяржэнергагазнагляду патлумачыў правілы выкарыстання электраабсталявання і заклікаў грамадзян сачыць за станам электрычнай праводкі. 
Майстар Іўеўскага ўчастка газазабеспячэння нагадаў правілы эксплуатацыі газавых балонаў і пліт. 
Завяршылі сустрэчу карыснымі парадамі: работнік МНС уручыў вяскоўцам інфармацыйныя матэрыялы МНС з рэкамендацыямі па бяспецы і адказаў на хвалюючыя мясцовых жыхароў пытанні. 
Падводзячы вынік, прадстаўнік службы "101" адзначыў, што пажары - гэта не проста непрыемнасць, а рэальная пагроза для жыцця. Практычныя парады і наглядныя матэрыялы, атрыманыя на сходзе, дапамогуць кожнаму жыхару прыняць меры засцярогі і мінімізаваць рызыкі.