Іўеўская раённая бібліятэка працягвае працаваць у межах праекта “Беларускі чацвер”. 7 чэрвеня супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі дзяцей з прышкольнага лагера “Улыбки детства” ў імправізаваную беларускую хату, каб расказаць, як жылі нашы продкі, чым займаліся, якія любімыя заняткі ў іх былі, як вялі сваю гаспадарку.
Выстава-экспазіцыя “Беларуская хата” ахоплівала самыя розныя бакі побыту беларусаў. Госці бібліятэкі пазнаёміліся з ткацтвам і ганчарствам, роспісам і вышыўкай, разьбой па дрэве і саломапляценнем. Бібліятэкар у цікавай і даступнай форме вяла размову з дзецьмі пра традыцыі беларускіх майстроў. Дзеці з задавальненнем уключаліся ў размову, дзяліліся сваімі ведамі, здагадкамі.
Усё гэта арганізавана для таго, каб паказаць, наколькі дзіўнымі і своеасаблівымі могуць быць традыцыйныя народныя рамёствы. Дзякуючы фармату выставы, наведвальнікі не толькі разглядалі экспанаты, слухалі звесткі пра іх гісторыю і прызначэнне, пазнаёміліся з літаратурай па тэме экскурсіі, але і кожны жадаючы мог усё патрымаць у руках, паспрабаваць карыстацца прыладамі працы, адчуць сябе гаспадаром ці гаспадыняй беларускай хаты.
Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.