Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.09.2022

Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь

Да Года гістарычнай памяці ў ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” рэалізуецца краязнаўчы праект “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь”. Беларусь – рознакаляровая краіна, і з дапамогай палітры фарбаў бібліятэкары разам з дзецьмі ствараюць каляровы вобраз нашай Радзімы.

Чарговы ўрок “малявання” ў межах праекта для вучняў 6 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы адбыўся 15 верасня і быў прысвечаны Дню народнага адзінства. На гэты раз галоўным колерам мерапрыемства пад назвай “Займай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” стаў чырвоны.

Падчас урока бібліятэкары разам з вучнямі адправіліся ў завочнае падарожжа па роднай зямлі, успомнілі галоўныя дзяржаўныя святы, разважалі пра дзяржаўную сімволіку і сімволіку горада Іўя. З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у віктарыне “Мы – беларусы” і паказалі добрае веданне нацыянальнай спадчыны.

 Іўеўшчына – зямля з багатай шматвяковай гісторыяй. Сведчаннем гістарычных падзей, якія адбываліся тут у розны час і пакінулі пэўны след, з’яўляецца наяўнасць на тэрыторыі Іўеўскага раёна мноства помнікаў і памятных месцаў.  Дзецям з дапамогай картак з QR-кодамі было прапанавана павандраваць па нашым горадзе, дзе яны даведаліся цікавыя гістарычныя звесткі.

Закончыўся ўрок “малявання” прыгожым вершам М. Пазняка “Наш сцяг” у выкананні Розумнюка Ягора.

Праведзенае мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся на свае карані, паважаем Радзіму, мы існуём як народ, як нацыя.