Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231337, Гродненская обл.,
г. Ивье, пл. Комсомольская, 1
Электронная почта:
rik@ivje.gov.by
Телефон: (8-01595) 2-17-46
Факс: (8-01595) 2-12-89

20 апреля 2017

Канферэнцыя “Помнікі гісторыі і культуры Іўеўшчыны” у Іўеўскім музеi нацыянальных культур

18 красавіка ў календары пазначаны як Сусветны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Гэта дата – магчымасць яшчэ раз засяродзіць увагу грамадства і маладога пакалення да пытанняў аховы і захавання культурнай спадчыны. У рамках святкавання Іўеўскі музей нацыянальных культур запрасіў вучняў школы і гімназіі г. Іўе, а таксама ўсіх жадаючых на канферэнцыю “Помнікі гісторыі і культуры Іўеўшчыны”. 

Распачалася сустрэча прывітальным словам намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кішкель С. В. Святлана Вацлаваўна правяла кароткі экскурс у гісторыю ўзнікнення свята, пазнаёміла з помнікамі гісторыі і культуры Беларусі , якія ўвайшлі ў склад ЮНЕСКА. Гэты Дзень усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і цікавасных месцаў, што была створаная пры ЮНЕСКА. 

Беларусь увайшла ў склад ЮНЕСКА ў 1954 годзе і на працягу многіх гадоў падтрымлівае з гэтай міжнароднай арганізацыяй плённыя, дынамічныя адносіны. Наша краіна мае багатыя і ўнікальныя культурныя каштоўнасці, якія сведчаць аб гістарычным і духоўным развіцці Беларусі. Першым аб’ектам у Спісе сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА стаў у 1992 годзе Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. У 2000 годзе – замкавы комплекс “Мір”. Яшчэ два аб’екты Беларусі папоўнілі Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 годзе – “Архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы” і пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. На вялікі жаль, шмат гісторыка-культурных помнікаў з’яўляюцца страчанай спадчынай беларускага народа, і Іўеўшчыны ў тым ліку. 

Метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” Міхайлоўская Т.А., пазнаёміла з гістарычным пунктам Геадэзічная дуга, адзначыўшы ўнікальнасць і значнасць гэтага аб’екта. Без дастатковай долі фанатызму, авантурызму і любові да мінулага людзі ў гісторыю не прыходзяць. 

Вось такім, адданым сваёй справе чалавекам, з’яўляецца настаўнік гісторыі ДУА “Лелюкінскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Ваўчок А.В., які пазнаёміў прысутных з археалагічнымі даследваннямі Іўеўшчыны. Частка археалагічнага матэрыялу, які знаходзіцца ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур, была прадстаўлена ў выглядзе выставы “Самае цікавае з археалагічных раскопак”. Размаўляць аб знаходках археалогіі (як адзначыў А.В. Ваўчок) можна бясконца: прага дакрануцца да гісторыі ёсць у кожнага. Стаць археолагам у школьным узросце магчыма, калі ты з’яўляешся навучэнцам Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Іўеўскага раёна. На базе навучальнай установы працуе археалагічны лагер “Спадчына”, а яго выхаванцы ўдзельнічаюць у археалагічных раскопках. Хлопчыкі і дзяўчынкі працуюць пад кіраўніцтвам вопытнага археолага ˗ старшага навуковага супрацоўнікаў аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі. 

Сушынскі Павел, вучань 9 класа, падзяліўся сваім вопытам працы ў лагеры, расказаў пра свае першыя крокі ў археалогіі. Вучаніца 11класа Эйгердоўскай сярэдняй школы, Чарняк Юлія, выступіла з даследчай работай “Аб чым маўчаць камяні” і распавяла легенды і паданні пра культавыя камяні на Іўеўшчыне. Цікавая праца па дадзенаму накірунку праводзіцца на тэрыторыі Іўеўскага раёна. Так, на сённяшні дзень, знайдзена 4 валуны, так званыя камяні-следавікі. Аб іх узнікненні людзі складаюць розныя паданні: ці, то гэта след Д’ябла, ці, то вобраз Дзевы Марыі, а некаторым з іх, нават, прыпісываюць цудадзейныя магчымасці. Не засталася па-за ўвагай і тэма драўлянага дойлідства на тэрыторыі Іўеўскага раёна. 

З дакладам выступіла Грыкень Т.І., загадчык Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла. На тэрыторыі Іўеўшчыны помнікамі драўлянага дойлідства з’яўляюцца праваслаўныя храмы, мячэць касцёл, шматлікія капліцы, прыватныя сядзібы. Таісія Іванаўна засяродзіла ўвагу на некаторых з іх (царква Святой Троіцы ў аг. Морына, касцёл нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Дуды, капліца ў в. Ліпнішкі, мячэць у Іўі), адзначыўшы асаблівасці стылю пабудовы, афармлення гістарычных помнікаў. Не меншую цікавасць у ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала інфармацыя пра сучасныя, нават не зусім звычайныя, помнікі Беларусі.  

Тэст-фотазагадка “А ведаеце вы незвычайныя помнікі…”, праведзены Міхноўскай Л.М., галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічных работ, культуры і па справах моладзі, паказаў, што сучасная моладзь цікавіцца сучаснай гісторыяй нашага краю, ведае помнікі, архітэктуру зямлі беларускай. Прыкладам цеснай сувязі мінулага і сённяшняга дня стала кніжная выстава “Дыялог былога і сучаснага”, арганізаваная Іўеўскай раённай бібліятэкай. 

Хочацца спадзявацца, што будучае пакаленне зможа захаваць, а можа, нават, і памножыць, гісторыка-культурную спадчыну нашага роднага краю, нашай Іўеўшчыны.