Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.09.2020

Прыемна мець дачыненне да карыснай справы!

Прыгожы верасень ужо адлічвае сваю трэцюю дэкаду. Мінула восеньскае раўнадзенства, а гэта значыць, што светлавы дзень страчвае хвiлiнку за хвiлiнкай, наблiжае нас да зiмы. Таму кожны гаспадар завiхаецца, каб паспець добрым надвор’ем сабраць тое, што ўрадзiла родная зямлiца.

Напярэдаднi выехаўшы ў КСУП "Суботнiкi", журналістам "IК" зноў згадалася мудрае выказванне: восень - работ восем. 

Тут, як і ў іншых гаспадарках раёна, у актыўнай фазе - работы па ўборцы кукурузы на сілас. На адным з палёў паблізу МТК "Суботнікі" на надзейным "Ягуары" працаваў механізатар гаспадаркі Руслан Іванавіч Сакаловіч. Кукуруза дастаўлялася і закладвалася ў бліжэйшую траншэю, дзе яе трамбаваў на магутным "Амкадоры" вопытны механізатар Яўген Вiкенцьевiч Ніязаў. 

У гэты час на бульбяным полі поўным ходам ішла ўборка ўраджаю другога хлеба. На прасторных палях журналісты "IК" сустрэлi старшакласнікаў Суботнiцкай СШ і прадстаўнікоў праўлення гаспадаркі, якія пакінулі на час гарачай пары кабінетную працу і падключыліся да збору ўраджаю. Прыемна мець дачыненне да карыснай справы! 

У цэлым па раёне на 22 верасня, па зводцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сіласных кармоў ужо нарыхтавана 36% ад запланаванага. Бульба ўбрана на плошчы ў 134 га (41%) з 330. Сабрана 2806 тон клубняў, сярэдняя ўраджайнасць па дадзеных на ўчарашні дзень - 209 ц/га.

Фота С. Зянкевіча.