Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.07.2021

Пасталеў на паўвека. Устаноўлены новы год заснавання Іўя

 33 сесія Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася сёння, устанавіла годам заснавання горада Іўе 1394 год – год першага ўпамінання Іўя ў пісьмовых крыніцах. 

Па звестках дзяржаўнай установы “Інстытут гісторыі Нацынальнай Акадэміі навук Беларусі”: “Першая вядомая згадка пра Іўе змешчана ў “Паведамленнях пра літоўскія шляхі”, якія былі складзеныя ў Нямецкім (Тэўтонскім) ордэне. Пры апісанні шляху №91 “З Гродна на Крэва і назад”, а менавіта дарогі з Крэва на Гродна адзначалася, што дарога ішла з Крэва праз Гальшаны, Іўя (“Ywie”), Дзяляцічы на Навагрудак і далей да Гродна. 

Дакладная дата скаладання дазенага запісу адсутнічае, але вядома, што “Паведамленні пра літоўскія шляхі” былі складзены ў перыяд з 1384-1402 г. г. Улічваючы факт апошняга паходу Тэўтонскага ордэна на вывучаемую тэрыторыю ў 1394 годзе, можна ўпэўнена сцвярджаць, што дадзенае апісанне ўзнікла не пазней даты вышэйзгаданага пахода. У сувязі з гэтым 1394 год можна лічыць годам першай згадкі Іўя ў пісьмовых крыніцах.” 

Сесія райсавета таксама прыняла рашэнне аб вызначэнні святкавання Дня горада ў кожныя другія выхадныя жніўня. 

І. БУТУРЛЯ.